Вечарына памяці Анатоля Сыса ў Празе

Увечары 4 траўня ў Пражскай кавярні «Сіці» прайшла вечарына памяці беларускага паэта Анатоля Сыса (1959‑2005), прымеркаваная да трэціх угодкаў яго смерці. Яе ініцыятарам ды арганізатарам стаў грамадзянін Беларусі і жыхар чэшскай сталіцы Аўген Сідорык. Сабралося зь некалькі дзясяткаў асоб ад двух да сямідзесяці гадоў.

Сваімі ўспамінамі пра паэта дзяліліся журналісты «Радыё‑Свабода» Сяргей Шупа і Сяргей Абламейка, бард Андрэй Мельнікаў, а таксама людзі, якім даводзілася бачыць выступы Анатоля Сыса, назіраць яго ў публічным жыцці.

Гучалі вершы і песні, жывы голас паэта, захаваны гуказапісам.

Імпрэза прыцягнула ўвагу ня толькі беларусаў. І адпаведна былі пытанні пра асобу паэта і адказы на іх, якія прыўнеслі ў шанаванне памяці разынку асветніцтва. Межы размовы часам пашыраліся да расповеду пра Беларусь як краіну і яе літаратурную гісторыю.

Лепшым чытальнікам вершаў Анатоля Сыса быў прызнаны Віталь Цімошанка. За што атрымаў у якасці прызу «Лён» — зборнік выбраных твораў паэта, выдадзены «Кнігазборам» у 2006-м годзе. Вёў вечарыну Сяргей Шупа.