Вечарына памяці Зоські Верас прайшла ў вёсцы Германавічы

Пісьменнік Міхась Скобла прэзентаваў кнігу "Я помню ўсё" – збор твораў пісьменніцы і грамадскай дзяячкі. Таццяна Грыневіч-Матафонава праспявала песні на словы беларускіх паэтаў разам з сынам Адасем.

Як кажа ўкладальнік кнігі Міхась Скобла, нам, нашчадкам, трэба быць удзячнымі такім людзям, як Зоська Верас, якія шмат зрабілі для прасоўвання чысцюткай беларускай мовы і беларускай культуры.

– Пражыў чалавек амаль 100 гадоў прыкметнага актыўнага жыцця, аддадзенага Беларусі, а за ўвесь гэты час удзячныя нашчадкі выдалі маленечкую кніжачку «Каласкі», як школьны сшытачак, якая выйшла ў 1985 годзе. І мне здалося, што гэта неяк не справядліва ў нашых адносінах да такіх людзей, як Зоська Верас.

Прэзентацыі кнігі Міхася Скоблы “Зоська Верас. Я помню ўсё” ўжо адбыліся ў Гародні ды Астраўцы. Гэта 21-я кніга кніжнай серыі "Гарадзенская бібліятэка”, заснаванай у 2006 годзе з мэтай дакументацыі і прасоўвання культурнага і гістарычнага здабытку Беларусі. У кнізе змешчаны ўспаміны Зоські Верас і яе 386 лістоў, 370 з якіх друкуюцца ўпершыню.

Беларускае Радыё Рацыя

racyja.eu