Навіны

Віктар Карамазаў. Мастак і парабкі. Мінск, Медысонт, 2011. 

 

Калі даводзілася часам гартаць зборнікі тэкстаў школьных дыктовак па беларускай мове, лавіла сябе на думцы: для трэнінгу ў арфаграфіі-пунктуацыі гэтыя доўгія і прыгожыя сказы пра пыл, што асядае на летняй дарозе, адценні восеньскага неба і пах свежай раллі прыдатныя... Але ці выклічуць яны ў выхаванага інтэрнэтам школьніка жаданне цалкам прачытаць твор, з якога выдзертыя воляю спрактыкаваных філолагаў? 

 

Уласна кажучы, постсавецкая беларуская літаратура,якая паўставала на свядомым ці пасвядомым адпрэчванні стэрэатыпаў, за адзін з такіх заганных стэрэатыпаў, што зводзілі нацыянальную літаратуру да спецыфічна хрэстаматыйных тэкстаў, лічыла менавіта зацягнутыя экспазіцыі, запаволеныя пейзажныя апісанні, корпанне ў вясковых рэаліях, аброцях-борцях-адрынах, абсалютна абыякавых юнаму гараджаніну.  

 

Маладыя пісьменнікі стараліся рабіць свае творы найперш чытэльнымі, гэта значыць, дынамічнымі, з мэсэджэм, які не трэба выкопваць спаміж радкоў, бы праславуты гаршчок Максіма Багдановіча з пяскоў Егіпецкай зямлі, а які настойліва прарываўся б праз абыватальскую свядомасць. 

 

Не ведаю, як будуць выглядаць зборнікі дыктовак на матэрыяле беларускай літаратуры ХХI стагоддзя – магчыма, гэта будуць самі па сабе захапляльныя бестсэлеры, але цалкам адпрэчваць здабыткі любога пласту літаратуры неразумна.  

Мода на той ці іншы стыль мінае і вяртаецца, а ўдалыя мастацкія знаходкі, моўныя багацці, арыгінальныя творы застаюцца.  

Віктар Карамазаў належыць да старэйшага пакалення беларускіх пісьменнікаў і прадстаўляе традыцыйную беларускую прозу – тую, з якой і бяруцца сказы для падручнікаў і тэксты для дыктовак. Ён пачаў друкавацца ў 1960-я, засведчыўся ў “сакральнай” для айчыннай літаратуры вясковай тэме, напісаўшы аповед “Дзяльба кабанчыка”, які можа быць проста “шыльдай” для айчыннай вясковай прозы.  

Але з цягам часу пісьменнік знайшоў для сябе арыгінальную нішу ў літаратуры – пачаў пісаць пра мастакоў. Як жывых, так і памерлых. Падставай сталі як асабістые знаёмствы, так і ўласная схільнасць да выяўленчага мастацтва:  

Віктар Карамазаў – цікавы інсітны мастак.  

У апошнім рамане Карамазава за сюжэтную аснову ўзятая біяграфія вядомага расійскага мастака-народніка Мікалая Неўрава, які, дасягнуўшы шалёнай вядомасці ў Расіі канца XIX стагоддзя карцінамі на тэму гаротнага жыцця простага люду, пераехаў у пошуках натхнення ў глухую беларускую вёску, як мы б сёння сказалі – заняўся даўншыфтынгам.  

У прынцыпе, такі самы сюжэт мог бы быць ухвалены і ў савецкую эпоху... Злы пан, неадукаваныя, але прыгожыя душой сяляне, інтэлігент, які спрабуе зліцца з народам.. А тое, што ён заканчвае жыццё самагубствам, дало б падставу паразважаць пра недасканалась інтэлігенцкай свядомасці.  

Неяк мне давялося чуць словы шведскага крытыка наконт таго, што з трох асноўных праблемаў сучаснай літаратуры – соцыюм, гендэр і этнас – у найноўшай беларускай літаратуры прысутнічае практычна адзін этнас, гэта значыць, нацыянальнае пытанне. А пра соцыум, прасцей кажучы, супярэчнасці паміж багатымі і беднымі, чамусьці вось не пішуць. 

Ну, што ж – каму што болей баліць, так атрымалася, што ў беларускага пісьменніка, які назірае, як няўмольна звужаецца кола функцыянавання нацыянальнай мовы, кола ягоных патэнцыйных чытачоў, як замоўчваецца гістарычная праўда, падмяняецца нацыянальны міф, “трошачкі” іншая іерархія праблемаў, чым у калегаў па цэху... А ў рамане Віктара Карамазава, тэма этнасу раскрываецца разам з тэмай соцыюму.  

Раман недарэмна называецца “Мастак і парабкі” – адносіны творцы, інтэлектуальнага, грамадскі актыўнага чалавека і “чэрні”, плебсу, сталіся магістральным сюжэтам сусветнай літаратуры.  

Напачатку аўтар расказвае, як ён у 1964 годзе, у якасці карэспандэнта, пасланага пісаць матэрыялы пра пасяўную кампанію, прыязджае ў вёску Лыскаўшчына:  

“У падлесках яшчэ блішчэла нябесна-блакітная вада, дарога вяла размытая, гразкая, боты на нагах, крычаўскія – я сам крычаўскі – гумавікі, чвякалі дзіравыя, але ішоў ходка, бо ў твар добра свяціла і грэла сонейка, над галавою ў небе спявалі жаўрукі і быў я тады малады, усё мне было ў радасць”. 

 

І вось проста пры дарозе малады журналіст бачыць магілу... І ўсведамляе, што тут пахаваны мастак, якога ён ведае яшчэ па школьнай праграме... Так пачынаецца зацікаўленне і расследванне па класічнай схеме. Мы бачым Неўрава, ужо ў “апрошчаным” выглядзе, які пасля доўгіх гадоў жыцця ў Лыскаўшчыне пачынае расчароўвацца ў аднойчы прынятым рашэнні зліцца з “мужычкамі” і адлюстраваць іх патаемную веліч у сваіх карцінах.  

Неўраву падарыў дамок мясцовы памешчык Лупадзін, жорсткі прыгоннік, які ўласнаручна лупцуе сялянаў бізуном, дзярэ з іх грошы і ўвогуле не бачыць у іх людзей. А людзі, беларускія сяляне, не робяць ніякай спробы змяніць становішча, пакорліва прымаючы пакаранне ад пана. Мы даведваемся, што ўсе спробы Неўрава і ягонага аднадумцы генерала Чарняева прынесці ў гэты куточак “плады асветніцтва” праваліліся – пейзане не пускаюць дзяцей у школу, распускаюць пра мастака чуткі, што ён вядзьмак...  

Неўрава крыўдзіць, што ягоныя суседзі, якім ён увесь час дапамагае, не цікавяцца ягонай працай, абыякавыя да расстаўленых у майстэрні карцінаў. Характэрны эпізод: Неўраў аддае гіпсавую скульптуру Венеры Мілоскай сваёй прыслузе Парасцы, прывабнай маладзіцы, з якой мае духоўную (а магчыма, і не толькі духоўную) еднасць, але муж Параскі разбівае скульптуру на кавалкі, і Неўраў атрымлівае сваю Венеру назад... у мяшку. Дэструкцыя мары? Альбо дэструкцыя міфа пра тутэйшы народ?  

Неўраў спадзяваўся адшукаць натхненне – але страціў яго...  

Ніяк не можа закончыць карціну пра князя з дружынай, мадэлямі для якой хоча зрабіць сялянаў. Вось толькі яны ніяк нічога гераічнага ў сабе не выяўляюць ... Неўраў аж крычыць:  

“Не магу бачыць халопства. Халопы не людзі. У іх, як у быдла, ярмо на карку. Яны яго ўсё жыццё валакуць і маўчаць. За кус хлеба, за лыжку поліўкі. І быдла той, хто быдлам чалавека робіць. Быдла быдлу патрэбнае”.  

Аўтар увесь час падкрэслівае, як герой не прымае халопства, так, што, здаецца, гэта сталася ягонай маніяй... Калі да Неўрава даходзяць чуткі, што калісьці ў старажытным Друцку быў рынак рабоў, з ім ледзь не гістэрыка ад абурэння здараецца (хаця, напэўна, у такім выпадку, мастак павінен ненавідзець увесь антычны свет)...  

Не, ёсць і ў Лыскаўшчыне цікавыя людзі...  

Стары Гіра, былы паўстанец, Пракоп, селянін са шляхецкімі карэннямі, які захаваў вуніяцкую веру, яго сыны, якія нахапаліся ў горадзе рэвалюцыйных настрояў, маленькі хлопчык Міхаська, які спрабуе стаць мастаком, тая ж лірычная прыгажуня Параска і яе дзеці... Нават наложніца тырана Лупандзіна – дастаткова складаная, трагічная асоба...  

Але Неўраў расчараваны ва ўсіх, ніхто яму не герой, з усімі адчувае сябе чужым. На праблему соцыюму накладваецца праблема этнасу. Герой пачынае разумець, што мясцовы люд – гэта не рускія, а іншы народ, што ў іх свой менталітэт, свая мова...  

Наяўнасць гэтай незразумелай мовы напачатку ўражвае і нават палохае...  

Неўраў не прымае ў тутэйшых і тую якасць, што выгадаваная ў іх стагоддзямі этнацыду: павышаная здольнасць да выжывання праз прыстасавальніцтва, цярпенне... А яшчэ – выхаваную знешнімі стэрэатыпамі пагарду да свайго. Параска так і пытацца ў гаспадара: 

 “А што трымае вас у нашай глухамані? Што тут знайшлі? Турму? Дык ці яе шукаюць? З яе бягуць”.  

Але пры гэтым беларусы – не трава, якая схіляецца пад кожным подыхам ветру, а дрыгва...  

Уяўна роўны пляц, пад якім хаваюцца нетры з нязведаным дном... Гэткія ж халопы, як сяляне Лыскаўшчыны, падымалі паўстанне за паўстаннем на гэтай зямлі, спынялі варожыя войскі. Неўраў адчувае гэтую патаемную моц – і яшчэ больш дэпрэсуе, што адлучаны ад яе. Нават пабачыўшы, як мужык б’ецца з лесніком, не можа зразумець, нудна і доўга разважаючы, “мужык – ахвяра ці вой? Калі пад бізуном ды пад канём – ахвяра? Калі ж схапіўся за бізун і лесніка з каня пад капыты скідае – вой?”.  

Мастак сумленна спрабуе зразумець гісторыю гэтага краю... Шукае мясцовых сродкаў масавай інфармацыі... Але можа здабыць толькі праімперскі ”Северо-Западный край”.  

Пачынае разумець, што падзеі гісторыі з боку беларускага, расійскага, украінскага, польскага народаў могуць трактавацца па-рознаму. Як прыклад – знакамітыя кацярынінскія дарогі, пракладзеныя праз беларускія землі у час царавання расейскай імператрыцы Кацярыны II.  

“Тутэйшы мужык царыцу-немку хваліць за бярозавыя шляхі, але не бачыць далей свайго носа. Шляхі царыца клала пошце і войску, каб сілаю прыбраць да рук заходні край, а мужык думае, што клала іх яму пад лапці. Шляхамі край да Расіі прывязала”.  

Калі Неўрава гвалтам высяляюць з падоранага ім дамка, ён раздае калекцыю адзежы, якая калісьці наежала вялікім артыстам і мастакам, нішчыць свае карціны і страляецца... І нават не заслугоўвае месца на могілках.  

“Шукаў у простым народзе волю і красу, а што знайшоў?.. Сваю магілу пры дарозе” – робіць выснову аўтар.  

Калі б гэты раман пісаўся ў часы сацрэалізму, ён быў бы завершаны высновай наконт безумоўнай духоўнай перавагі простага народу над генераламі і гнілымі інтэлігентамі. Цяпер жа аўтар настроены даволі песімістычна. 

 Парабкі, халопы, якія не разумелі мастака, нікуды не падзеліся. 

 

Людміла Рублеўская, bellitaward.blogspot.com

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------