Вера Буланда выступіла ў Мінскім каледжы паліграфіі

Паэтка, сябра СБП Вера Буланда напрыканцы студзеня выступіла ў Мінскім каледжы паліграфіі. Сустрэча адбылася ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!".

 

Пісьменніца выступіла з уласнымі вершамі перад студэнтамі, будучымі паліграфістамі. Як заставацца шчырым, спагадлівым, чулым, шчодрым, высакародным – карацей, добрым – нават у неспрыяльных жыццёвых абставінах? Спадарыня Вера агучыла верш "Прысуд", у якім адказала на гэтае пытанне.

Што значыць вырошчваць дабрыню? У час размовы выхаванцы каледжа прыйшлі да высновы, што быць добрым насамрэч – цудоўна, хаця і няпроста.

"Праца душы, праца над сваімі паводзінамі і ўчынкамі, уменне кантраляваць свае дзеянні – неабходная справа, каб перамагла не толькі прыгажосць – а гэта карціны, музыка, вершы – але і дабрыня таксама выратуе свет", – адзначыла паэтка. 

Вера Буланда ўручае прызы

Актыўныя суразмоўцы і асабліва цікаўныя студэнты ў якасці падарункаў ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі” атрымалі торбачку, паштоўкі “Мы — адметныя”, а таксама дыск з анімацыйным фільмам “Будзьма беларусамі”.

budzma.org