Вера Бурлак і Адам Глобус у Школе маладога пісьменніка
На гэтым тыдні Школу маладога пісьменніка з лекцыяй на тэму “Нонсэнс у літаратуры” наведала паэтка і філолаг Вера Бурлак (Джэці).
Вера Бурлак
Пачаўшы з тэарэтычнага абгрунтавання таго, чым розніцца нонсэнс ад абсурду, бессэнсоўнасці, алагізму і завумнай мовы, Вера прадставілі навучэнцам Школы і практычны матэрыял. Як адзначыла Вера, нонсэнс, больш характэрны для англамоўных фальклорных і аўтарскіх твораў, у беларускай літаратуры сустракаецца не так і часта. Аднак знайсці такія-сякія прыклады і ў айчынных анталогіях твораў для дзяцей ёй усё ж удалося:
Эскі, доскі,
Колга, Волга,
Лімінатар,
Гутар-гатар.
Лімі-лімі,
Лім-пам-по,
Паіст.
Падчас свайго майстар-класу пад інтрыгоўнай і шматслоўнай назвай “Раман у сучасным свеце. Раман як форма любові і літаратуры. Пра раман і раманіста” празаік, паэт і мастак Адам Глобус раскрыў некаторыя сакрэты пісьменніцкай прафесіі. З аднаго боку, пісьменнік падказаў маладым творцам, адкуль браць ідэі для раманаў, што могуць добра прадавацца, а з другога, распавёў, што галоўнае для напісання проста добрых раманаў.
Адам Глобус
“Пісанне раману — як будаванне сабора”, — адзначыў мастак-манументаліст па адукацыі Адам Глобус. — “Калі свой твор не адчуваеце як сабор, то лепш не рабіце з яго раман”.