Вера Бурлак на Літрадыё

Дазвол палёту        

Пад крылом самалёта пра нешта маўчаць аблокі,
І зялёная рыса на небе нібыта дазваляе палёт.
І часова губляюць сэнс колы і нават крокі:
Ёсьць толькі зялёная рыса на небе
І ружовы ўсход.

На зямлі шматгучнаму заўтра саступае маўклівае ўчора,
Але з неба прастора – адно вада, што цячэ.
І зь нябёсаў бачна, што зямля – гэта суцэльнае мора.
Але з космасу, мабыць, бачна нешта яшчэ.

 

Цяпер на сайце Літрадыё можна пачытаць і паслухаць наступныя тэксты Веры Бурлак:

 

Вінаград                   

Дамы часоў дэкадансу...                  

Калісь глядзеў на сонца я...

Майстар пераўтварэнняў

Сьцеражыся крануць мінака...

Я вада...

Я магу нарабіць страху...

 

Вера Бурлак (Вера Жыбуль, Джэці)

Паэтка, перакладчыца, музыка.

Нарадзілася ў 1977 годзе ў Кіеве. У 2001 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта, а ў 2004 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. Даследуе літаратуру для дзяцей, у 2004 годзе выйшла яе манаграфія "Детская поэзия Серебряного века: модернизм". 

Вера з’яўляецца нязменным рэдактарам самавыдавецкага часопіса "Вясковыя могілкі". Выдала кнігу вершаў "За здаровы лад жыцця" (2003) пад псеўданімам Джэці, а таксама разам з мужам Віктарам Жыбулем зборнік паэзіі "Забі ў сабе Сакрата!" (2008). Аўтарка і выканаўца ўласных песень, інструменталістка ў музычным гурце "Засралі казарму". В. Бурлак перакладае прозу і паэзію з украінскай, рускай і ўкраінскай моваў. А яе творы перакладаліся на англійскую, нямецкую, польскую, украінскую, чэшскую мовы і нават на эсперанта.

На сённяшні дзень на сайце Беларускага літаратурнага радыё http://litradio.by/ размешчаныя творы ў аўдыёзапісах больш як пяцідзесяці паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў.

Фота: Зарына Кандрацьева 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"