Вера Рыч для вечнасьці абрала Ўкраіну

24 красавіка споўнілася б 75 гадоў Веры Рыч, якая амаль паўстагодзьдзя
перакладала беларускую паэзію на ангельскую мову. Да гэтай даты ва
ўкраінскім Каневе на Дняпры было прымеркаванае перапахаваньне праху
перакладчыцы, якая памерла ў Лёндане 20 сьнежня 2009 году. Чаму для
вечнасьці яна абрала ўкраінскую зямлю? На жалобнай імпрэзе ля падножжа
гары Чарнечай прысутнічаў літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.
Міхась Скобла:
“Язэп, Канеў – для ўкраінцаў месца сьвятое, там пахаваны Тарас
Шаўчэнка. Як так сталася, што прах Веры Рыч быў пахаваны менавіта там?”
Язэп Янушкевіч:
“Яшчэ ў сакавіку мне патэлефанаваў былы амбасадар Украіны ў Рэспубліцы
Беларусь Ігар Ліхавы і прапанаваў паўдзельнічаць ва ўрачыстым пахаваньні
Веры Рыч ля Чарнечай гары, у тым сапраўды сьвятым месцы. Сярод
арганізатараў трэба таксама згадаць Міколу Жулінскага – дырэктара
Інстытуту літаратуры імя Тараса Шаўчэнкі і навуковага супрацоўніка гэтай
установы Дзьмітра Драздоўскага. Прымалі ўдзел у гэтай жалобнай імпрэзе
таварыства «Просьвіта» (дарэчы, Вера Рыч была яго сябрам) і Нацыянальны
саюз пісьменьнікаў Украіны. Вера Рыч пахаваная на Казацкім цьвінтары, ля
падножжа Чарнечай гары, з вышыні якой і пазірае на белы сьвет Кабзар. У
пахаваньні прынялі ўдзел пляменьніца перакладчыцы, а таксама ейны сябра
і распарадчык творчай спадчыны доктар Флаўэрс”.
Скобла:
“Зь беларускай мовы на ангельскую Вера Рыч пераклала даволі шмат
тэкстаў. З даўніх кніг назаву анталёгію “Like Water, like Fire” (“Як
агонь, як вада”), з апошніх – анталёгію “Верш на Свабоду”. Ці так жа
плённа працавала перакладчыца для ўкраінскай культуры?”
Янушкевіч:
“Першы пераклад Веры Рыч на ангельскую зь беларускай мовы быў
надрукаваны ў мюнхэнскай газэце “Бацькаўшчына” яшчэ ў 1957 годзе.
Дзякуючы
ёй па-ангельску загучала паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Натальлі
Арсеньневай, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулі, Цёткі,
Ларысы Геніюш, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева… На ўкраінскую
літаратуру Рыч папрацавала ня меней – пераклала творы Тараса Шаўчэнкі,
Івана Франка, Лесі Ўкраінкі, Васіля Стуса, Ліны Кастэнкі... За ўсё гэта
Ўкраіна ўганаравала яе прэміяй імя Івана Франка – найвышэйшай
узнагародай за пераклады, а ў 2007 годзе – Ордэнам княгіні Вольгі.
Памятаю, атрымаўшы ордэн, яна заяжджала да мяне ў Кракаў, дзе я тады
працаваў у архівах, і з гонарам паказвала сваю ўзнагароду”.
Скобла:
“Сёньня гэта здаецца неверагодным – бээсэсэраўская паэтычная анталёгія
“Like Water, like Fire” (“Як агонь, як вада”) выйшла ў сьвет з Пагоняй
на вокладцы. І гэта ў 1971 годзе! Я маю ў сваёй бібліятэцы гэтае
рарытэтнае выданьне. Цікава, што ў сваёй прадмове Вера Рыч пералічвае
сваіх сяброў-спрыяльнікаў: Язэпа Семяжона і – Льва Гарошку, Аляксандра
Надсана, Часлава Сіповіча, якія ў БССР трактаваліся адназначна як
здраднікі. Ды і склад паэтаў у той анталёгіі быў не зусім савецкі… Як
такое магло здарыцца ў пару самай змрочнай брэжнеўшчыны?”
Янушкевіч:
“Менавіта тая капітальная анталёгія з Пагоняй на вокладцы і сталася
першапрычынаю няласкі афіцыйных бээсэсэраўскіх структураў. Бо кніга
выходзіла на сродкі і з дапамогай UNESKO. І тут раптам –
"нацыяналістычная" Пагоня! Хоць дзеля справядлівасьці трэба адзначыць:
Вера Рыч не дзяліла нашу літаратуру на савецкую і эміграцыйную. Яна мела
ўнівэрсальны позірк на ўсё тое, што мы акрэсьліваем словам “гісторыя”. І
таму сьмешна-горка было бачыць, як нашы чыноўнікі ад культуры з
насьцярогай ставіліся да Веры Рыч падчас яе рэдкіх прыездаў у Беларусь”.
Скобла: “Неаднойчы паведамлялася, што Рыч перакладае “Новую зямлю” Якуба Коласа. Ці пасьпела яна закончыць гэтую маштабную працу?”
Янушкевіч:
“На жаль, не пасьпела. У тым самым Кракаве яна расказвала мне, што
асноўная праблема для яе як перакладчыцы ня ў тым, што паэма аб’ёмная.
Сам пераклад яе не задавальняў. Бо мова ўвесь час разьвіваецца. І нават
мова ангельская сярэдзіны ХХ стагодзьдзя не гучала дастаткова паэтычна ў
ХХІ стагодзьдзі. Вера Рыч была вельмі патрабавальная да сваёй працы”.
Скобла: “Ці адчувала Вера Рыч сваю запатрабаванасьць у незалежнай Беларусі? Ці была яна адзначаная хоць якой дзяржаўнай узнагародай?”
Янушкевіч:
“Не, і тут нам павінна быць сорамна. У адрозьненьне ад украінцаў. А
насамрэч незалежнай Беларусі ёй не ставала ўсё жыцьцё. Таму і пераклала
выдатную анталёгію “Верш на свабоду”. Я шчасьлівы, што сустракаўся зь
Верай Рыч і ў Беларусі, і ў Польшчы. Мне ў памяці надоўга застанецца
малюнак: спадарыня Вера на спадарожным вазку, які зь пісьменьніцкага
Дома творчасьці “Іслач” падвозіў яе на ракаўскі кірмаш. А як нязмушана і
лёгка танчыла яна на 200-годзьдзі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча! Вера
Рыч і па жыцьці прайшла лёгка, тэмпэрамэнтна, аддаючы свае веды і талент
на тое, каб пра беларускую літаратуру ведаў ангельскамоўны сьвет”.