Верасень ― час прыёму заявак у Школу маладога пісьменніка

Практычныя заняткі ў прозе ў 2015-2016 гг. будуць праводзіць выкладчыцы: літаратуразнаўца Ганна Бутырчык, празаік, спецыяліст у англійскай літаратуры Наталля Паваляева, пісьменніца Людміла Рублеўская. У праграме таксама прадугледжаныя майстар-класы беларускіх і замежных аўтараў, вядомых прадстаўнікоў культуры, лекцыі навукоўцаў.

Сёлета заняткі пачнуцца 3 кастрычніка і будуць праходзіць два разы на месяц па суботах у фармаце: тры пары практычных заняткаў, чацвёртая пара ― майстар-клас. 28 верасня абітурыенты атрымаюць паштовую рассылку аб выніках прыёму ў Школу.

Умовы паступлення:

Для падачы заяўкі кандыдату на залічэнне ў Школу неабходна даслаць свой уласны празаічны мастацкі тэкст любога жанру аб’ёмам 2-5 старонак, а таксама матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце вучыцца ў пісьменніцкай школе. Запрашаем абітурыентаў, старэйшых за 18 гадоў.

Афармленне заяўкі:

Тэму ліста пазначце як “Школа”.

Прозу і матывацыйны ліст дасылайце разам у адным файле Word фармата .doc. На першай старонцы пазначце сваё імя і прозвішча, адрас пражывання, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона.

Заяўкі на паступленне на курс 2015-2016 прымаюцца па электроннай пошце па адрасе shkola.pismennika@gmail.com  1-25 верасня 2015 г.

Школа маладога пісьменніка працуе пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” з 2012 года і ўжо мела тры выпускі. Яе выкладчыкамі ў розныя гады былі Валянцін Акудовіч, Наталка Бабіна, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Андрэй Хадановіч.

Сярод выпускнікоў Школы шмат цікавых аўтараў, якія ўжо маюць кнігі: Павел Анціпаў, Дар’я Вашкевіч, Кірыл Дубоўскі,  Андрэй Лазуткін, Марыя Лапо, Ксенія Шталянкова... Кніга вершаў Антона Рудака, які двойчы прайшоў курс у Школе, у паэзіі і прозе, атрымала прэмію Кніга Году 2015 у намінацыі Паэзія. Ярка дэбютаваў у друку Мікіта Волкаў, вучыліся ў Школе і пераможцы літаратурнага конкурсу СБП “Экслібрыс” Крысціна Бандурына і Мілана Пасанен.

Каардынуюць працу Школы Алена Казлова і Юля Цімафеева.

Падрабязней гл. ТУТ 

Прэсавая служба СБП