Вершы Анатоля Сыса загучалі ў стылі джаз

Вядомы беларускі саксафаніст Павал Аракелян стварыў цэлую праграму на вершы Анатоля Сыса. Вакальную партыю выконвае яго сястра, джазавая сьпявачка Алена Аракелян, на гітары – удзельнік этна-трыё «Троіца» Юры Дзьмітрыеў. Так паэзію культавага беларускага паэта яшчэ не падавалі. 

Павал Аракелян – адзін з яскравых прадстаўнікоў сучаснага беларускага джазу.  Ён быў у складзе такіх гуртоў, як Apple TeaCamerataSvet Boogie Band, як запрошаны музыка граў разам з Дэборай БраўнМайкам дэль ФэроСяргеем Манукянам ды іншымі зоркамі. 27-гадовы джазмэн, што нарадзіўся ў Баку, але зь дзяцінства жыве ў Менску, толькі нядаўна адкрыў для сябе беларускую музыку і беларускую паэзію. На яго моцна паўплывалі падзеі сьнежня 2010 году. Тады ён актыўна ўключыўся ў працэс, запісаў музычны нарыс на вершы Ўладзімера Някляева, пазнаёміўся зь Лявонам Вольскім ды ўвайшоў у склад «Крамбамбулі». «Сыс» – яго ўласны праект, які ён распачаў у кастрычніку 2012 году.

«Нечакана для сябе я адкрыў геніяльнага паэта – Анатоля Сыса. Ягоная паэзія кранула мяне, як не кранала паэзія ніколі, яна аказалася да болю блізкай і гэта ўсё скончылася паўнавартаснай музычнай праграмай на яго вершы», – распавёў Павал у інтэрвію Tuzin.fm. Музыкант вырашыў не адкладаць справу ды адразу напісаў музыку да абраных вершаў. Да праекту далучыліся яго сястра, джазавая вакалістка Алена Аракелян і гітарыст Юры Дзьмітрыеў з этна-трыё «Троіца». Такім чынам паўсталі кампазыцыі на вершы «Натхненьне», «Пайду туды, адкуль прыйшоў», «У нябёсах маіх дагараюць вагні», «Апакаліпсыс» ды іншыя.

Частку матэрыялу музыкі паказалі на вечарыне памяці Ўладзімера Караткевіча 26 лістапада. Цяпер яны хочуць запісаць песьні ў студыі. «Я адчуваю, што мы мусім гэта зрабіць, хоць ня ведаю, ці патрэбна гэта каму-небудзь, акрамя мяне, – кажа Павал. – Натуральна, што запісаць трэба якасна. Ёсьць ідэя запрасіць у праект яшчэ некалькі вельмі вядомых асобаў. Але патрэбныя для гэтага час і найперш грошы». Павал Аракелян кажа, што будзе ўдзячны таму, хто можа паспрыяць у запісе і выданьні джазавага альбому на вершы Сыса.

Зьвязацца з выканаўцам можна праз мэйл pavel.arakelian@gmail.com

«Тузін Гітоў»
Фота: Наста Мілаванава

Відэа: Алесь Баразенка