Вершы Чарльза Букоўскі па-беларуску прэзентуюць 24 студзеня

Гэта беспрэцэдэнтнае выданне: вершаваныя пераклады аднаго з самых скандальных аўтараў 20 стагоддзя нават на рускай мове былі надрукаваныя кнігай толькі ў 2007 годзе. Аўтарскія правы захаваныя, а вершы пераствораныя трыма перакладчыцамі: Ганнай Комар, Юляй Цімафеевай і Наталляй Бінкевіч.

Прэзентацыя зборніка паэзіі культавага амерыканскага аўтара адбудзецца 24 студзеня ў кнігарні “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А).

Пачатак у 19.00.

У праграме: паэзія і віно.

Пра аўтара:

Чарльз Букоўскі (сапраўднае імя – Генрых Карл Букоўскі) нарадзіўся 16 жніўня 1920 у горадзе Андэрнах, Германія. У 1923 годзе сям’я пераязджае ў ЗША і з 1926 году пасяляецца ў Лос-Анджэлесе, дзе Букоўскі пражыве амаль усё жыццё.

У 1941 годзе Чарльз сыходзіць з дому, пасля таго як бацька, прачытаўшы яго апавяданні, літаральна выкідвае сына на двор. Расчараваўшыся ў пісьменніцтве, Букоўскі амаль дзесяць год нічога не піша. У 1955 годзе, пасля выпіскі з клінікі, куды ён трапіў з дыягназам “крываточная язва”, прычына якой – празмернае ўжыванне алкаголю, ён зноў пачынае пісаць, у асноўным вершы. Апошні зборнік вершаў, які выходзіць пры жыцці паэта, – «Вершы апошняй ночы на Зямлі». Большасць перакладаў у беларускамоўным выданні складаюць вершы менавіта адтуль.

Чарльз Букоўскі памёр 9 сакавіка 1994 ад лейкеміі. Цырымонію пахавання правялі будысцкія манахі. На яго магільнай пліце напісана «Не спрабуй» (Don’t try).

Укладальніца кнігі Ганна Комар: “Чаго чакаць ад кнігі вершаў, чый аўтар раіў маладым пісьменнікам “Піць, трахацца і шмат паліць”? Бруднага рэалізму і шчырасці непрыхарошанага жыцця. Забіць на людзей, на працу, забіць на тое, што скажуць і падумаюць, на тое, што ты ясі, дзе спіш і з кім, мыешся ты ці не, голішся ці не, што на табе адзета. Забіць абсалютна на ўсё як адзіны спосаб выжыць на гэтым “свяце жыцця”. Падрабязнасці шукайце ў кнізе”.

Паводле прэс-рэлізу