Вершы Генадзя Бураўкіна на Літаратурным радыё

Вершы Генадзя Бураўкіна з’явіліся на беларускім Літаратурным радыё. Цяпер іх можна не толькі пачытаць, але і паслухаць.

Генадзь Бураўкін

Паэт, перакладчык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980 г.). Аўтар кніг паэ­зіі "Майская просінь", "З любоўю і нянавісцю зямною", "Дыханне", "Жніво", “Тры старонкі з легенды”, "Выток", “Тры казкі пра Зая”, “Вершы пяці кніг”, “Варта вернасці”, "Пяшчота", “Гняздо для птушкі радасці”, “Выбраныя творы” ў 2 тамах, “Сінія арэлі”,"Паміж зоркай і свечкай", "Чытаю тайнапіс вачэй" і інш. Нарадзіўся ў 1936 г. у в. Шуляціна на Віцебшчыне. Жыве ў Мінску.

 

Малітва

Мы здалёку ўбачылі свабоду

I яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.

У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё наўкол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
I цяплом!

1994

 

Тэксты на літаратурным радыё:

Гэта тайна…
Калі прайшоў ты і агонь, і снег…
Мне з табой бы лепей размінуцца…
Нехта — з пекла…
Скажуць…
Я ведаю…
Як з тайнай смерці сувязь стане крэўнай…

Прэсавая служба СБП