Вершы пасля вершаў Леаніда Галубовіча

12 гадоў таму выйшла кніга “апошнія вершы леаніда галубовіча”, але паэт Леанід Галубовіч не знік. Сведчаннем таму — новая кніга паэзіі, якую аўтар назваў “З гэтага свету. Вершы пасля вершаў” .
“Паэт змаўкае толькі праз адчай. Паэт пачынае гаварыць толькі праз адчай” — піша аўтар прадмовы да кнігі Ціхан Чарнякевіч і дадае:
“…Вершы пішуцца не тады, калі “знойдзены дакладныя адрасы”, а — у часе адолення тых кіламетраў пругкай празрыстасці, якія аддзяляюць паверхню ад цёмнага дна.
І вось тут надыходзіць чарга спаборніцтва.
Калі паэзія Галубовіча з’явілася — заўважылі адразу, і таму ёсць прычыны.
Чысты голас. Вызнанне непасрэднай гаворкі, адмаўленне мішуры.
Не кшталтаванне паэтычнай мовы, а трапнасць выказвання, тоеснасць яго — рэчаіснасці…
Вось новая кніга Леаніда Галубовіча. Прачытайце яе.”
З гэтага свету: вершы пасля вершаў / Леанід Галубовіч; прадм. Ц. Чарнякевіча. - Мінск: Кнігазбор, 2012. - 108 с. - (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка"; вып. 23).
Гэтая кніжка - плён дванаццацігадовага публічнага маўчання паэта. Столькі часу ён не выступаў з вершамі ў друку, а дзесяць гадоў і ўвогуле іх не пісаў. Усе змешчаныя тут тэксты ёсць пазнакамі водгукаў яго душы на зрухі і праявы нядаўняга часу. Своеасаблівы метафарычны аналіз аўтарам свайго ўнутранага жыцця. Вершы публікуюцца ўпершыню.
Пра аўтара:
Галубовіч Леанід, нарадзіўся 12.08.1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна (1967), затым слуцкай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 97 (1969) працаваў электрыкам на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Служыў у Савецкай Арміі (1970-1972). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1989 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1989 г. - рэдактар літаратурна-драматычных праграм на Беларускім тэлебачанні. Сябра СП СССР з 1984 г. Працаваў у аддзеле крытыкі ў штотыднёвіку «ЛіМ»
У друку выступае з 1967 г.
Бібліяграфія
«Таемнасць агню». Зборнік вершаў. 1984 г.
«Споведзь бяссоннай душы». Зборнік вершаў. 1989 г.
«Бусел без гнязда». 1989 г.
«Таемнасць споведзі». 1993 г.
«Заложнік цемры». 1994 г.
«Зацемкі з левай кішэні» мініяцюры. 1998 г.
«апошнія вершы леаніда галубовіча». 2000 г.
«Сыс і кулуары. Кніга крытычных эсэ». 2010 г.
«З гэтага свету. Вершы пасля вершаў». 2012 г.
Прэсавая служба СБП