Вершы пераможцы жаночага слэму — на Літаратурным радыё

Вершы шведска-фінскай слэмеркі Сольі Крапу, якая перамагла ў жаночым слэме на фестывалі імя Стральцова, цяпер можна паслухаць на Беларускім літаратурным радыёНа беларускую іх пераклала паэт Алеся Башарымава.

Алеся Башарымава і Солья Крапу

 

Солья Крапу. А ўсё пачалося з нявіннага кухоннага століка

А ўсё пачалося з нявіннага 
кухоннага століка
Чысценька працерла, напяваючы сабе пад нос
Застыла і задумалася
адкуль у шуфлядзе 
заўжды столькі крошак

Жорсткім бокам губкі 
счысціла пляму
а там яшчэ адна
счысціла пляму
а там яшчэ адна
такую пакідаць нельга
Трэба заняцца ўсёй кухняй калі ўжо ўзялася

Мыйка ў тлушчы – адчысцім
пратрэм пад столікам
шклатару
і дзверкі шафы знутры ў нейкай ліпкасці
пяройдзем да плінтусаў
дзвярных ручак
карцінных рамаў
і пыльнай мэблі на якой можна маляваць пальцам
і лямпы да якой ніколі не дойдуць рукі
тэ-ээк
на двор з дыванамі
павыкалочваем
і да пліты
і да ванны
і на двор з пустымі бутэлькамі з-пад шампуню
павыкідаем усё з шафкі ў ванным пакоі
здраім з люстра пырскі зубной пасты
Чысцім, чысцім
І фіранка з дэльфінчыкамі – ёй час на сметнік,
ды і ўсім гэтым рэчам, у якіх нават няма імя
нашто яны ўвогуле
Стаю з кузобчыкам у руках
Нашто мне той кузобчык?
прэч, на сметнік
А тут што, палічка?
Далоў!
Тэлевізар?
Вон з балкона
Ой! Оёёй, там беглі дзеці
Шаўковыя туфелькі цёткі Анэты
старая гітара
дзверы
Дый гардзіны ўжо не фантан, скажам шчыра 
Колькі ўжо там валяецца гэтая ёлка?
А сцены, сцены
Дзе там ануча
і дзе там шпаталь
Здзіраем шпалеры
выкідаем стол
ён толькі збірае кучы
рахункаў

А ўсё пачалося з нявіннага кухоннага століка 
Сюды шчотку, сюды ручнік
Прэч гэтыя старыя боты
І таршэр – туды ж
І паркет
фатэль
тэлефон
І кнігі – яны даўно прачытаныя
нашто яны мне
і Нац… нацыянальная энцылак… наацынальная энцыклакапе… 
Нацыянальная энцыклапедыя – гэта ж нават
не вымавіць
так што прэч яе, у макулатуру
І кветкі – з іх болей толку ў кампосце
усё адно ніхто іх не палівае
А сувеніры!
Прыгожыя дробязі!
Парцалянавыя сабачкі!
Эйфелева вежа!
у сметніцу іх

А ўсё пачалося з нявіннага кухоннага століка 
Сюды анучу
пратрэм лядоўню
і маразілку трэба размарожваць 
рэгулярна
І гарошыны скочуць уніз па ўсёй лесвіцы
як зялёны град
Як жа прыгожа
думаю
Як прыгожа

І хутка тут застаецца адно толькі рэха
Адно толькі рэха
Ха-ха!
Адно толькі 
рэха
Ха-ха 
Ха-ха …!

 

Солья Крапу, пераклад Алесі Башарымавай


Другі верш Сольі Крапу, які прагучаў на слэме: Твая сумачка

Прэсавая служба СБП