Вершы, якія мкнуцца ў метафізічныя нябёсы

Міхась Бараноўскі

Імпрэза была адметнай тым, што практычна кожны выступ аўтара і спецыяльных гасцей быў з гумарам. На прэзентацыі не было ні вядоўцаў, ні сцэнара — яна была практычна поўнасцю імправізаванай. Для кожнага з гледачоў дзень народзінаў кнігі “Volumen.1” быў сакральнай з’явай.

Валянцін Акудовіч — хросны бацька “Volumen.1”

Першым свае думкі наконт кнігі давялося выказаць “хроснаму бацьку не толькі кнігі, але і цэлых накірункаў” Валянціну Акудовічу. Ён быў выкладчыкам Міхала ў Беларускім Калегіюме, і менавіта яму аўтар даверыў пакрэмзаць сваю кнігу.

— Калісьці прыйшоў да мяне ў Калегіюм хлопчык на сумоўе, — успомніў Валянцін. — Ён запомніўся мне сваёй рашучасцю. Хлопчык пісаў вершы на рускай мове і гаварыў: “Паглядзеў я беларускія вершы — не так, не тое. Трэба пісаць для народа, каб усім было зразумела”. Я пра сябе ўсміхнуўся і падумаў: “Паглядзім, што атрымаецца”. Недзе праз год Міхал ужо і пісаў, і спрабаваў размаўляць па-беларуску, і вершы ў яго былі вельмі складаныя, не для “ўсяго народа”. Вось што зрабіў з чалавекам Калегіюм! У Міхала моцная паэтычная энергетыка. Вершы мкнуцца, прарываюцца, узбухаюць у фундаментальную онталогію жыцця, у вялікія дыскурсы — па-простаму кажучы, у метафізічныя нябёсы.

Ксенія Шталенкова — маці “Volumen.1”

Пра афармленне кнігі з цеплынёй распавяла Ксенія Шталенкова — яе дызайнер.

— Праца над “Volumen.1” Міхала стала для мяне адметнай. Я ўжо працавала над вокладкамі, над мастацкім афармленнем, але зрабіць кнігу ад пачатку да канца мне давялося толькі зараз. Калі Міхал прынёс вершы і малюнкі, адразу захацелася зрабіць нешта андэграўнднае. Але ён мяне трымаў у жорсткіх межах, не даваў перабольшваць. Цяпер кніга для мяне стала нейкім містычным артэфактам. Не лічу сябе эмацыйным чалавекам, але калі я дачытала яе да канца, зразумела, што амаль галашу. Я знайшла менавіта тое слова, якое адлюстроўвае маё ўражанне ад кнігі — яна “штырыць”!

Міхал распавёў, што, па яго меркаванні, трэба быць альбо смелым і нахабным, альбо крыху дурнаватым, каб дазволіць сабе ствараць мастацкую літаратуру. Людзі напісалі ўжо столькі, што нельга без іроніі ставіцца да сваіх твораў. Але ж і зусім несур’ёзна адносіцца таксама не варта. Таму кніга і атрымалася чорна-белай.

Саюз беларускіх пісьменнікаў — радзільны дом “Volumen.1”

Прыйсці ў гэты свет “Volumen.1” дапамагло ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Кніга выйшла ў серыі “Пункт адліку” ў выдавецтве “Кнігазбор”.

— Праца была цяжкая, аўтар быў непадатлівы, — падзяліўся ўражаннямі Ціхан Чарнякевіч, — але дзякуючы гэтаму кніжка і атрымалася такой цікавай. Яна не да канца аформлена, не скончана, і гэтым мне вельмі падабаецца. Бывае так, што з кнігай усё зразумела: вось, аўтар напісаў 150 вершаў, сабраў, мы кнігу выдалі — добра. А з кнігай Міхала ўсё не так: з рыфмамі — цяжкасці, са звязкай вобразаў — цяжкасці, з граматыкай — цяжкасці. Але ж калі пачынаецца надзяванне шарфоў, размахванне трубкай — паэт памірае. А тут мы назіраем нараджэнне.

Аляксандра Дварэцкая, куратарка серыі “Пункт адліку”, не згадзілася з калегам наконт непадатлівасці паэта:

— Мне было вельмі проста працаваць і з кнігай, і з Міхалам, і з Ксеніяй Шталенковай. Хачу сказаць, што Мішам знаёмыя ўжо даўно. І калі я яшчэ не ведала, што ён займаецца вершамі — чула толькі аб яго захапленні армрэстлінгам, — мне заўсёды падабалася яго пачуццё гумару. А калі я ўжо хадзіла на канцэрты “Нельга забыць” — адчувала глыбіню і паэтычнасць аўтара. А зараз у кнізе я бачу вельмі балючае спалучэнне іроніі і самоты. Магчыма, гэтыя вершы не кананічныя, але яны “баляць” — і гэта галоўнае.

Юлія Мацук — акушэр “Volumen.1”

Міхась нагадаў, што Максім Багдановіч вельмі цікавіўся пытаннем дзяцінства і пры неабходнасці мог прыняць роды. А наступны выступовец, карэктар кнігі Юлія Мацук, прысутнічала пры “паэтычных родах”.

— Зараз многія аўтары выдаюць кнігі толькі ў электронным варыянце. Але ж у папяровага выдання ёсць значная адметнасць — яго можна патрымаць у руках, нібы дзіцяці. Я назірала за аўтарамі і магу сказаць: самыя шчаслівыя — тыя, у якіх выходзілі менавіта папяровыя кнігі. Таму хачу павіншаваць Міхала — у яго нарадзілася сапраўды вартае дзіця!

Выступаць Міхасю Бараноўскаму таксама дапамагалі Віталь Мурзіч, Максім Сазонаў і Надзея Процька. Дзякуючы ім на імпрэзе гучалі не толькі добрыя вершы, але і цудоўная музыка.

Прэзентацыя скончылася аўтограф-сесіяй, і ахвотныя атрымаць выданне, падпісанае Міхасём, сталі ў вялікую чаргу. Колькасць чытачоў “Volumen.1” не можа хлусіць — кніга нарадзілася недарэмна.

БОЛЬШ ФОТА Ў ФЭЙСБУКУ

Тэкст: Алена Босава, фота: Зміцер Савельеў, lit-bel.org