Ветракі ў голым полі: рэцэнзія на кнігу Яна Максімюка

Максімюк, Ян. Словы ў голым полі: Беларуская літаратура 1990-х у снах, успамінах і фотаздымках. — Мінск: І.П. Логвінаў, 2011. 

 

Адысея (шкада, што нельга назваць яе Улісеяй) Яна Максімюка, калі верыць кнізе “Словы ў голым полі”, пачалася ўжо даўно і скончыцца яшчэ не хутка. Гэта калі ёй верыць — бо ў падзагалоўку, які згадвае пра сны, успаміны і фотаздымкі, толькі апошняе дае хоць нейкую надзею на аб’ектыўнасць. Карта падарожжаў, пра якія ўспамінае гэты апавядальнік сваіх і тлумачальнік чужых гісторыяў, з кожнай старонкай робіцца ўсё шырэйшай: Польшча, Чэхія, Славакія, ЗША, Канада, беларуская літаратура.  

 

Ад нас, відаць, чакаецца, што ў гэтыя байкі мы ўсё ж такі паверым, а калі і не — Бог з намі, аўтар і сам у іх не надта верыць, а іначай хіба напісаў бы на вокладцы нешта пра сны і ўспаміны, якія, як вядома, не маюць з рэчаіснасцю нічога агульнага?

 

Але што сніцца Яну Максімюку?  

Перакладзены на беларускую мову і глыбока адкаментаваны грувасткі фаліянт Джэймса Джойса, альбо падляшская мова, на якой гавораць ад Беластока да самай Вялікай Бераставіцы, а то і да Слоніма, альбо ўсё тая ж беларуская літаратура, дзевяностыя якой ніяк не заканчваюцца, множачы дэманаў і кантэксты? 

 

Ці проста словы ў голым полі, якія ён сам старанна калекцыянуе і запісвае? Відаць, у гэтыя сны мы і павінныя паверыць, ці, прынамсі, зрабіць выгляд, што паверылі, і тады наш свет зробіцца багацейшым на адну мову — падляшскую, ці на адну літаратуру — беларускую 90-х, а магчыма, яшчэ на нешта багацейшым, але пра гэта — пад шэра-зялёнай вокладкай, якая непрыхавана крычыць пра сны, успаміны і фотаздымкі і пра тое, што поле ўсё ж такі голае. 

 

У прадмове да кнігі Ігар Бабкоў назваў Яна Максімюка сведкам эпохі, пакідаючы яму ролю ўсяго толькі сузіральніка і ў нейкім сэнсе крытыка таго багатага, як сцвярджае аўтар прадмовы, на падзеі і міфы часу, які даўно і незваротна сышоў у Лету і які засталося хіба што сніць і ўспамінаць па фотаздымках. 

 

Але эпоха — гэта таксама міф, і той, хто не выходзіць за межы свае эпохі, паныла залягае ва ўтульным геалагічным пласце, каб аддацца лянотным летуценням пра Залатое стагоддзе. 

 

Многія рэчы, пра якія вядзецца ў кнізе, пачаліся раней і дагэтуль не скончыліся, яны дагэтуль сняцца Яну Максімюку, а таму давядзецца цалкам перакрэсліць падзагаловак “Беларуская літаратура 1990-х у снах, успамінах і фотаздымках” — бо і Джойс не беларуская літаратура, і “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” выйшаў у 2001-м, а з астатнім трэба яшчэ добра разабрацца. 

 

Але адмовіўшы Яну Максімюку ў ролі скальда такога мёртвага паняцця, як эпоха, а яго нататкам — у ролі такіх сабе сучасных драпаў і менш урачыстых флокаў, паспрачаўшыся з аўтарам прадмовы і ледзь не з самім аўтарам кнігі (бо хіба можна захаваць прыхільнасць пісьменніка, чый падзагаловак быў некалькімі радкамі вышэй бязлітасна перакрэслены?), самы час вызначацца з тым, што можна прапанаваць і першаму, і другому наўзамен. 

 

Думаю, з пэўнай прэтэнзіяй на метафарычнасць, а можа, нават на афарыстычнасць 

 

Максімюка можна назваць Дон Кіхотам сучаснай літаратуры, 

 

і тады ўсе яго сны, успаміны і фотаздымкі ператвараюцца ў ветракі — пара-тройка такіх знойдзецца ў кожнага “рыцара сумнага вобразу” пасля таго, як знойдзецца сам рыцар. Цяжка сказаць, як часта яны сустракаюцца ў беларускай... хм, выраз “беларуская літаратура” мы дамовіліся не ўжываць... у беларускім пісьменстве (сумнеўны ход, але неяк выкручвацца трэба), і ўжо дакладна не вазьмуся шукаць іх сярод сучасных яго адэптаў. 

 

Такім чынам, паўтаруся: Ян Максімюк — гэта Дон Кіхот ад літаратуры, і пад якім бы вуглом ні глядзелі мы на яго ветракі, постаць самога змагара з імі ў любым ракурсе выглядае вельмі абаяльнай. 

 

(Шаноўны аўтар! Я не спрабую вярнуць Вашую прыхільнасць, а проста з той самай шчырасцю, з якой нядаўна ставіла Вашую кнігу з ног на галаву, спрабую цяпер як мага зручней уладкаваць яе ў гэтай позе). 

 

Давайце зірнем на Дон Кіхота ў хвіліну спакою, калі ў бітве з ветракамі набліжаецца часовае перамір’е. Ён сядае і ў храналагічным парадку збірае свае падарожныя нататкі розных гадоў — з 1996 па 2010, — і гэтая яго перамога зусім не фантомная: што б ні здарылася далей, свет атрымаў матэрыяльнае сведчанне, якое пацвярджае існаванне ветракоў. “Словы ў голым полі” — гэта не толькі хроніка бітваў, летапіс пераможных кампаніяў і гісторыя дзіўных войнаў. Гэта яшчэ і інвентарызацыя наяўных інструментаў, перагляд запыленай і заржавелай зброі, якую трэба пачысціць і, можа, аднесці ў рамонт. Бо ветракі не спяць. 

 

Дон Кіхот кідаецца ў бой, выкрыкваючы дарагі сэрцу дэвіз

 

“Let’s write and read Podlachian”: вочы баяцца (“Што далей?”), а рукі робяць. Калі не лічыць сайта svoja.org, нататка “Блог Радыё Свабода” — гэта, відаць, адзіны ў свеце падручнік падляшскай мовы і яе кароткая (а таксама ў некаторым сэнсе гістарычная) граматыка. Але навошта беларусу падляшская мова? 

 

А навошта ангельцам корнская? Навошта гішпанцам галісійская? Навошта немцам заходнефрызская? Дон Кіхот ведае, навошта. 

 

Зрэшты, інвентарызацыя гэтая выбіральная, бо калі казаць пра беларускую... ну, вы зразумелі, свае прыватныя інвентарызацыйныя нумары атрымалі толькі тры сродкі змагання з нябытам: Адам Глобус, Уладзімір Арлоў і Ігар Бабкоў, і яшчэ дадаткова — Марта Піньска. Адсюль, відаць, і пайшло меркаванне пра Яна Максімюка як пра сведку і крытыка, а дакладней, ці нават педантычней кажучы, пра “сведку і суўдзельніка”. Але змаганне з нябытам скіраванае не толькі і не столькі ў гэты бок. 

 

Самая аб’ёмная нататка зборніка “New York, New York...”, гісторыя, якая, нягледзячы на назву, напісаная не паводле барнсаўскай, а хутчэй сервантэсаўскай мадэлі — доўгая дарога ў краіну аптычных ілюзіяў і потым вяртанне дадому, — расказвае пра збор матэрыялаў для кнігі пра Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. 

 

Але прычым тут ветракі, можа пацікавіцца праціўнік рознага кшталту метафараў і прэтэнзіяў на афарыстычнасць, і ад пытання гэтага так проста не аджартуешся — давядзецца тлумачыць. Колькі з самім сабой ні змагайся, немагчыма адмахнуцца ад думкі, што адзін з самых вялікіх нашых сучасных міфаў — гэта тое, што розныя крыніцы называюць “беларусамі свету” ці нейкімі іншымі загадкавымі тэрмінамі. Археалагічныя росшукі і радыевугляродны метад часам дапамагаюць праліць святло на гэтае пытанне, шматлікія важкія манаграфіі і калектыўныя зборнікі таксама трохі рассейваюць цемру, але міф застаецца міфам. Уяўленнем пра свет, у якім дзесьці ёсць мудрая Атлантыда і таямнічая Шамбала. 

 

“Я вярнуўся на Беласточчыну з пачуццём, што зрабіў у Нью-Ёрку большасць з таго, што ад мяне чакалася...” 

 

Такая ўжо прырода ветракоў: ніколі не ведаеш, ці сапраўднай была перамога. 

 

Засталося яшчэ вызначыцца з жанрам, калі такое паняцце можа ўжывацца ў дачыненні да хронікі. Мабыць, у дачыненні да нашай хронікі ўсё ж можа, прынамсі вельмі хочацца, каб магло. Далей варта было б згадаць пра падарожныя нататкі, крытычныя агляды, мемуарныя эсэ і яшчэ добрую чвэрць пунктаў слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў, але аўтару, здаецца, такія рэчы не цікавыя: хай сабе назвы асобных раздзелаў і намякаюць на нейкае невыразнае жанравае вызначэнне, напрыклад, “Чэшскі нататнік” ці “Блог Радыё Свабода”, у цэлым класіфікатарскія патрэбы літаратуразнаўцаў яго не хвалююць. А хвалююць толькі словы, пра што выразна сведчыць тая самая шэра-зялёная вокладка. 

 

Але вяртаючыся ўрэшце да пытання, пастаўленага ў першай палове гэтага допісу, што можна прапанаваць наўзамен перакрэсленаму загалоўку “Беларуская літаратура 1990-х у снах, успамінах і фотаздымках”, бо чым далей у лес, тым менш ён, здаецца, адпавядае зместу кнігі “Словы ў голым полі”, дык вось, падымаючы зноў гэтую так і не вырашаную пакуль праблему, магу наўскідку прапанаваць хіба што адзін, досыць сумнеўны варыянт: 

 

“Няпоўная хроніка бітваў з ветракамі, якая абяцае наперадзе яшчэ шмат чаго цікавага і не абмежаваная ніякімі жанравымі вызначэннямі”. 

 

Не тое каб ён дакладна перадаваў сутнасць гэтай досыць незвычайнай з’явы, але чытач прынамсі будзе ведаць, чаго чакаць. Дон Кіхот варты сваёй хронікі, а яго хроніка вартая таго, каб працягваць яе далей.



Ганна Янкута,

bellitaward.blogspot.com