Вецер з Балкан: прэзентацыя кнігі Міленкі Ергавіча

13 лістапада ў кнігарні “логвінаЎ” адбудзецца прэзентацыя кнігі прозы баснійска-харвацкага пісьменніка Міленкі Ергавіча “Іншала, Мадона, іншала”. 

“Іншала, Мадона, іншала” — гэта зборнік апавяданняў, у якіх мяшаюцца Захад і Усход, учора і сёння, хрысціяне і мусульмане, Асманская і Габсбургская імперыі, старая і новая Югаславія, харваты, баснійцы, сербы, чорныя, белыя… Адзінай канстантай застаецца Боснія. Гэтая кніга напісана не словамі, а тугою і любоўю. 

На прэзентацыю паўднёва-заходнім ветрам занясе перакладчыка кнігі Сяргея Шупу, заходнім — пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, а вятры тутэйшыя прывядуць літаратуразнаўцу Івана Чароту. 

Кацярына Ваданосава і гурт “Alta Mente” выявяць шматгалоссе Балканаў у песнях, некаторыя з якіх і леглі ў аснову кнігі Міленкі Ергавіча. 

Вядучая – Юля Цімафеева 

Пачатак а 19-й. 

Уваход вольны.

 

Сяргей Шупа і Міленка Ергавіч

Пра аўтара 

Пісьменнік і публіцыст Міленка Ергавіч лічыцца на сёння адным з найлепшых баснійска-харвацкіх пісьменнікаў. Ён нарадзіўся ў 1966 годзе ў Сараеве. Пачынаў як паэт, і яго дэбютны зборнік паэзіі быў не толькі заўважаны публікай, але і адзначаны некалькімі літаратурнымі прэміямі. Яго першы зборнік апавяданняў пра жыццё падчас вайны ў Босніі “Сараеўскае Мальбара” (1994) прынёс яму сусветную славу. Гэта кніга ў перакладзе Сяргея Шупы друкавалася ў “балканскім” нумары часопіса “ARCHE”. Творы Міленкі Ергавіча перакладзены на больш чым 20 моваў свету. 

Аўтар пра кнігу 

Усе апавяданні ў гэтай кнізе ўзніклі на аснове народных песень з Босніі або Далмацыі, якія я слухаў або проста чуў мімаходзь і пад якія я рос, сталеў, жыў. <...> 

Бальшыня як лірычных, так і эпічных баснійскіх і далмацкіх песень маюць апавядальны характар. У іх або экспліцытна расказваецца нейкая гісторыя, або пра тую гісторыю можна здагадвацца. Я шмат гадоў уяўляў сабе, якая гісторыя, якое вялікае здарэнне, прыватныя чалавечыя пакуты, які лёс або які важны момант у жыцці чалавека стаіць за кожнай асобнай песняй.

prajdzisvet.org