Выданні Васіля Быкава на стэндзе… Саюза пісьменнікаў Беларусі

Першы і другі тамы са Збору твораў Васіля Быкава на стэндзе Саюза пісьменнікаў Беларусі 

Сёлета, як і ў папярэднія гады, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” да ўдзелу ў кірмашы не запрошаны. Але прысутнасць нашая заўважная. Кнігі з нашых серыяў “Кнігарня пісьменніка”, “Пункт адліку” і “Каляровы ровар” прадстаўлены на стэндах некаторых удзельнікаў выставы.

Са здзіўленнем убачылі мы кнігі з выдаванага ГА “СБП” збору твораў Васіля Быкава на стэндзе Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэта можна пабачыць на здымках, зробленых учора падчас наведвання кірмаша.

Нагадаем, што поўны збор твораў у 14-ці тамах рыхтуецца і выдаецца ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” супольна з маскоўскім выдавецтвам “Время”. Першы том выйшаў у 2005 годзе. У складзе рэдакцыйнай калегіі — Ірына Быкава, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Сінькова, Міхась Тычына. На дадзены момант ужо выйшла 9 тамоў, рыхтуецца да друку дзясяты.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"