— Кніга будзе грунтоўная — на 608 старонак. Большую частку кнігі складаюць яго пераклады і духоўныя пісанні, пераклады з грэцкай і старажытнагабрэйскай моваў. Таму тэхнічна было вельмі складана рыхтаваць кнігу да друку. Тым больш, калі дадаць, што Аляксандр Надсан пісаў сваім правапісам, таму мы яго асучасніваем. Але адметнасці стылю і мовы імкнемся захаваць.
Айцец Аляксандар Надсан — першы святар у свеце, хто пачаў сістэматычна ўжываць беларускую мову ў богаслужэнні. Ён пераклаў немалую частку велізарнага корпуса тэкстаў літургічнай традыцыі Усходняга Хрысціянства, сам склаў службы некаторым беларускім святым і на вялікія беларускія святы.