Выдавецтва "Логвінаў" падала ў суд

Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА “БАЖ” супрацоўнік выдавецтва Павел Касцюкевіч.

Паведамленне пра спыненне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць індывідуальны прадпрымальнік Ігар Логвінаў атрымаў акурат месяц таму, 23 верасня. У ім гаварылася, што адпаведнае рашэнне прыняла калегія Мінінфарма 20 верасня, і ў той жа дзень быў падпісаны загад.

Ліцэнзія адклікалася “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Такім парушэннем, на думку Мінінфармацыі, стаў выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 года ("Логвінаў" быў выдаўцом альбома).

У выдавецтве лічаць, што пазбаўленне ліцэнзіі адбылося незаконна. 7 кастрычніка уладальнік выдавецтва, Ігар Логвінаў накіраваў у Мінінфармацыі ліст з абгрунтаванем сваёй пазіцыі і просьбай адмяніць загад. Адказу на гэты ліст пакуль няма.

“Паводле гаспадарча-працэсуальнага заканадаўства, выдавецтва магло звярнуцца ў суд на працягу месяца пасля атрымання паведамлення аб скасаванні ліцэнзіі. Такім чынам, акурат 23 кастрычніка быў апошні тэрмін”, – дадаў намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

Прэс-служба ГА "БАЖ"