Вынікі літаратурнага конкурсу «Экслібрыс»

У пачатку жніўня пачало працу журы, у якое ўвайшлі знаныя аўтары, публіцысты, крытыкі, навукоўцы: Сяргей Дубавец, Інга-Ліна Ліндквіст, Алесь Пашкевіч, Аляксандр Фядута, Ірына Шаўлякова, Вольга Шпарага.  Сябры журы атрымалі творчыя работы канкурсантаў пад нумарамі і да абвяшчэння вынікаў не ведалі, якіх аўтараў ім давялося ацэньваць. Ацэнкі выстаўляліся ў два этапы, на фінальным — да працы журы далучылася Святлана Алексіевіч, бадай, найвядомейшы ў свеце беларускі аўтар, які працуе ў жанры мастацка-дакументальнай прозы.

Такім чынам, аргкамітэт мае гонар абвясціць пяць пераможцаў конкурсу (у алфавітным парадку):

Крысціна Бандурына

Антон Рудак

Ганна Севярынец

Хведар Сумкін

Аляксей Шэін

Пераможцаў уганаруюць на ўрачыстай цырымоніі, дата якой будзе абвешчана дадаткова. Усе яны атрымаюць рыдэры MultiReader Supreme 5664 ад кампаніі “Prestigio” і падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якія выступілі партнёрам конкурсу. Найлепшыя конкурсныя творы будуць змешчаныя ў электронных бібліятэках ebooks.prestigioplaza.com і e-kniga.by. Аднаго з удзельнікаў чакае спецыяльны прыз ад газеты “Наша Ніва”. Асобныя тэксты будуць апублікаваны ў “Нашай Ніве”, “Літаратурнай Беларусі”, “Дзеяслове”.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"