Выпускны ў Школе маладога пісьменніка — 22 чэрвеня

Свае тэксты прачытаюць выпускнікі: Крысціна Бандурына, Надзея Бароўка, Алена Візгалава, Анастасія Гаранская, Аляксандр Дамброўскі, Іван Елісееў, Ганна Лявоненка, Вераніка Ляўчук, Аліса Мініна, Вольга Пінкевіч, Павел Слізевіч, Раман Стэфаненка, Алена Цішэўская і Вольга Чарнова.



Школа маладога пісьменніка заснаваная пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у 2012 годзе, як нефармальны адукацыйны праект з бясплатным навучаннем. Пакуль што праграма разлічана на год, заняткі праходзяць два разы на месяц па суботах. У 2012-2013 гг у Школе выкладалі пісьменнікі Валянцін Акудовіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч і Андрэй Хадановіч, у 2013-2015 ― дацэнт кафедры замежнай літаратуры філфака БДУ Ганна Бутырчык і празаікі Наталка Бабіна і Людміла Рублеўская. Апроч заняткаў з пастаяннымі выкладчыкамі ў Школе прадугледжаныя майстар-класы і лекцыі  беларускіх і замежных пісьменнікаў, культурных дзеячоў і навукоўцаў.

Сярод выпускнікоў Школы шмат цікавых аўтараў, якія ўжо маюць кнігі: Павел Анціпаў, Дар’я Вашкевіч, Кірыл Дубоўскі,  Андрэй Лазуткін, Марыя Лапо, Ксенія Шталянкова... Кніга вершаў Антона Рудака, які двойчы прайшоў курс у Школе, у паэзіі і прозе, атрымала прэмію Кніга Году 2015 у намінацыі Паэзія. Ярка дэбютаваў у друку Мікіта Волкаў, вучыліся ў Школе і пераможцы літаратурнага конкурсу СБП “Экслібрыс” Крысціна Бандурына і Мілана Пасанен.

Наступны набор у Школу будзе ў верасні. Абітурыентам неабходна даслаць на адрас shkola.pismennika@gmail.com свой уласны празаічны мастацкі тэкст любога жанру аб’ёмам 2-5 старонак, а таксама матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце вучыцца ў пісьменніцкай школе. Падрабязней чытайце ТУТ.

Сачыце за абвесткамі на lit-bel.org, а таксама на старонцы Школы ў ФБ. 


У выпускной вечарыне ў панядзелак возьмуць удзел Наталка Бабіна і  Ганна Бутырчык, а таксама намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч. Вядоўцы вечарыны ― куратары Школы Алена Казлова і Юля Цімафеева.

Паводле арганізатараў