Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў Ігару Логвінаву

Адносіны паміж выдаўцом Ігарам Логвінавым і Міністэрствам інфармацыі сапсаваліся ў канцы верасня, калі Логвінава пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. У паведамленні, падпісаным намесніцай міністра Ліліяй Ананіч, паведамлялася, што ліцэнзія адкліканая за парушэнні, звязаныя з выхадам альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”. У красавіку суд Ашмянскага раёна прызнаў выданне экстрэмісцкім.

Выдавец з пазіцыяй Мінінфармацыі не згодны. Ігар Логвінаў указвае на парушэнні, дапушчаныя чыноўнікамі, а таксама на абсурднасць абвінавачанняў.

Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі пракаментаваць Еўрарадыё рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда катэгарычна адмовіліся.

***

Вось як пракаментаваў Еўрарадыё рашэнне суда Ігар Логвінаў:

“Рашэнне суда мяне не здзіўляе. Больш здзіўляе пазіцыя Міністэрства інфармацыі. Справы аб экстрэмізме праходзяць перыядычна. Яны абмяжоўваюцца папярэджаннямі, альбо нейкімі больш мяккімі санкцыямі. А ў дачыненні да нас была выбраная такая жорсткая і цынічная форма. Гэта сведчыць аб стаўленні Мінінфармацыі да сваіх выдаўцоў і да нацыянальнай літаратуры ў цэлым”.

Алесь Пілецкі

euroradio.fm