Высновы «Экслібрысу»: быць ці не быць літаратурным крытыкам?

Злева направа: Ірына Шаўлякова, Ціхан Чарнякевіч, Ульрыка Шарнборг, Наста Лабада

У сустрэчы ўзялі ўдзел: сябры журы конкурсу, навукоўцы Ірына Шаўлякова (мадэратарка вечара) і Ціхан Чарнякевіч, старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, пераможцы сёлетняга "Экслібрысу" Антось Уласенка, Алена Карп, Дар'я Латышава і Паліна Піткевіч.

Ульрыка Шарнборг і Наста Лабада

Спецыяльнай госцяй літаратурнай дыскусіі стала шведская пісьменніца, журналістка, крытык, намесніца старшыні Шведскага саюза пісьменнікаў Ульрыка Шарнборг. Перакладала са шведскай мовы на беларускую Наста Лабада.

Віншаванне пераможцаў стала нагодай для літаратурных крытыкаў абмеркаваць будучыню сваёй прафесіі. Ірына Шаўлякова адразу адзначыла, што дыскусія будзе незвычайнай:

-- Мы з вамі павінны зараз разважаць аб будучыні таго, каго ніхто не любіць. Калі вы больш-менш сочыце, што гавораць аб крытыцы апошнія 20 год, вы ведаеце, што многія жадаюць ёй смерці, а той, хто не жадае, думае, што яна ўжо памерла. Сітуацыя неадназначная, але тым і цікавая.

Сітуацыя ў літаратурнай крытыцы з цягам часу змянялася. І людзі, якія гавораць аб тым, што сітуацыя зараз больш дрэнная, чым раней, наўпрост не звяртаюцца да рэтраспектывы.

Выступае Барыс Пятровіч

Алена Карп (2 месца конкурсу)

Уладальнік 1 месца Антось Уласенка прымае віншаванні ад Барыса Пятровіча

Дар'я Латышава (3 месца)

Паліна Піткевіч (3 месца)

Ірына Шаўлякова

Ульрыка Шарнборг

-- Не так даўно я трапіла на артыкул брытанскага крытыка і празаіка Дэвіда Джона Тэйлара. Артыкул быў аб тым, чаму сучасная крытыка “бяззубая”. Ён страшна сумуе пра тое, што часы такой “зубастай”, злоснай крытыкі мінулі. І Тэйлар сумуе па часінах, калі брытанскія крытыкі параўноўвалі яго раман з аднаногім чалавекам, які імкнецца даць выспятку камусьці, -- працягвае Ірына Шаўлякова. -- Але ж Дэвід Джон Тэйлар гаворыць аб тым, што гісторыя брытанскай крытыкі нагадвае сінусоіду – ёсць перыяды злосныя, а ёсць -- лаяльныя. Да прыкладу, для крытыкаў эпохі віктарыянства было абсалютна нармальным параўнаць твор з ванітамі малпы. А ў 30-х гадах, наадварот, крыўдзіць калег было не прынята.

У спробах выявіць парадыгму ў гісторыі беларускай крытыкі Ірына Шаўлякова папрасіла Барыса Пятровіча параўнаць беларускую крытыку 1980-х з сучаснай.

-- Я заўважаю, што колькасць аўтараў і артыкулаў была значна большай, -- адзначыў Барыс Пятровіч. -- Ды і аўтары больш уважліва чыталі творы, параўноўвалі іх з іншымі, рабілі больш глыбокі аналіз. Зараз тэкст пішацца менавіта пра адзін твор, крытыкі не імкнуцца прааналізаваць больш шырока. Магчыма, на гэта паўплывала эпоха інтэрнэту, дзе матэрыял ўспрымаецца па-іншаму.

Рэчы, аб якіх гаворыць Барыс Пятровіч – гэта змена жанравай парадыгмы. Усе жанры імкнуцца да сцяжэння. Артыкулы саступаюць месца рэцэнзіям, -- рэзюмавала Ірына Леанідаўна.

Ціхан Чарнякевіч

-- Зараз крытыку, мне падаецца, можна падзяліць на экспертную і карыстальніцкую, -- выказала меркаванне Ірына Шаўлякова. -- Крытыка паступова перамяшчаецца ў інтэрнэт, дзе “кожны суслік у полі аграном”.

Але ж Ірына адзначыла, што ўдзельнікі "Экслібрысу" гэтага года дэманстравалі талент і веды экспертных крытыкаў. Таму мадэратарка звярнулася з пытаннем да Антона Уласенкі:

-- У вас на даволі невялікай плошчы артыкула размешчаны некалькі культурных пластоў, некалькі эпох, некалькі даследчых традыцый. Што вы як прадстаўнік маладога пакалення крытыкаў думаеце пра гэтыя змены? Вы ўвогуле звязваеце перспектыву развіцця крытыкі з нейкімі грунтоўнымі даследаваннямі, альбо лічыце, што яна набудзе фармат, які наша пакаленне, магчыма, яшчэ не бачыць?

-- Я таксама назіраю тэндэнцыю да спрашчэння, -- прызнаўся Антон, -- але мне самаму падабаецца больш грунтоўная крытыка. Больш за ўсё прываблівае крытыка, якая дапамагае чытачу зразумець аўтара.

Ціхан Чарнякевіч выказаў думку, што вялізны матэрыял – не заўсёды добра для чытача:

-- Здаецца, межы сфер размыты. Ва ўсіх жанрах, пра якія вы гаворыце, шмат мітуслівай балбатні. І людзі не могуць падысці да вершыка ці да рамана, не нагарадзіўшы 50 старонак – па сорак кіламетраў улева і восемдзесят управа. Лічу, што мікракрытыка незаслужана забытая. Наконт рэцэнзій у інтэрнэце – цяжка іх параўноўваць з кніжнымі артыкуламі. Часцей за ўсё гэта "ўсхліпы" – “ой, божа, я пачытаў гэтую кнігу”. Гэта нават не анатацыі – часцей водгукі.

Спадарыня Ульрыка распавяла, што ў Швецыі зараз маюць места працэсы, падобныя да тых, якія назіраюцца ў Беларусі:

-- Можна сказаць, што ў Швецыі мы назіраем крызіс літаратурнай крытыкі. Гэта, у першую чаргу, звязана з тым, што друкаваныя выданні маюць эканамічныя праблемы. Культурныя газеты і часопісы губляюць сваіх чытачоў. За апошнія пяць гадоў сотні крытыкаў засталіся без працы. Безумоўна, у многіх краінах нельга выжыць толькі за кошт таго, што ты пішаш літаратурную крытыку. Але ў Швецыі літаратурны крытык – гэта звычайная прафесія. Таксама ёсць тэндэнцыя, што крытычны твор скарачаецца па аб’ёме і многія газеты хочуць замяніць рэцэнзіі проста на адзнакі – “зорачкі”.

Таксама Ульрыка дадала, што ў Швецыі ёсць аб’яднанні тэатральных і мастацкіх крытыкаў, аднак для літаратурных аб’яднання няма. Шведскія крытыкі часта аб’ядноўваюцца, ствараюць літаратурныя часопісы, якія прысвечаны пэўнай тэматыцы, але гэта невялікія супольнасці.

Напрыканцы размовы пытанне, ці ёсць будучыня ў літаратурнай крытыкі, засталося без адказу. Аднак усе пагадзіліся на тым, што пакуль ёсць чытацкі попыт, ёсць практыка замоваў рэцэнзій у рэдакцыях, то будзе расці і развівацца і сама гэтая з'ява.

Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org