Выстаўка “У сэрца глянь сваё...” – 11 верасня

Выстаўка – частка міжнароднага праекта “Янка Купала і Ян Райніс”, які рэалізуецца дзякуючы супрацоўніцтву Аб’яднання літаратурных музеяў (Латвійская Рэспубліка) і музея Янкі Купалы (Рэспубліка Беларусь) пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы.

Праект прысвечаны жыццю, творчасці і сяброўству выдатных паэтаў Беларусі і Латвіі – Янкі Купалы і Яна Райніса. Назвай выстаўкі абраны радок з верша Янкі Купалы “Не шукай”, галоўная тэма якога – адвечны пошук чалавекам шчасця, якое знаходзіцца блізка, толькі трэба ўмець шукаць і глядзець у сваё сэрца. Гэтая гуманістычная ідэя ляжыць у аснове творчасці абодвух паэтаў, лёс якіх не аддзельны ад гістарычнага шляху роднай зямлі.

Экспазіцыйныя плакаты, якія ўтрымліваюць рукапісы, фатаграфіі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, знаёмяць з асноўнымі вехамі жыцця і творчасці першага народнага паэта Беларусі, сярод якіх былі знакавыя сустрэчы з выдатнымі дзеячамі латвійскай культуры. У 1926 годзе ў Мінск прыехаў Ян Райніс, народны паэт і дзяржаўны дзеяч Латвіі, дзякуючы апецы якога Латгалія стала родным домам для беларусаў. Гэтая адзіная асабістая сустрэча паэтаў стварыла глыбокі кантэкст для далейшага развіцця беларуска-латвійскіх культурных сувязяў. У 1940 годзе Янка Купала наведаў Латвію як ганаровы госць Латвійскага з’езду пісьменнікаў.

Творчасць народных паэтаў Янкі Купалы і Яна Райніса з’яўляецца культуратворчым феноменам, які мае асаблівую вартасць для спасціжэння спадчыны абодвух народаў і міжкультурнай камунікацыі ва ўмовах глабалізацыі ХХІ ст.

У рамках выстаўкі запланавана дэманстрацыя дзвюх арыгінальных мастацкіх работ, прысвечаных сяброўству песняроў, з калекцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: палотнаў Мікалая Гусева “Янка Купала і Ян Райніс” (1959) і Вячкі Целеша “Дзвіна-Даўгава, маці наша” (2000).

Паводле прэс-рэліза 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"