Выстаўка да 100-годдзя з дня выхаду "Вянка" Максіма Багдановіча працягвае працу

Выстаўка будзе працаваць з панядзелка па суботу з 9.00 да 17.30 з 22 лютага па 31 мая 2014 года. 

Напрыканцы 1913 года ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча “Вянок”. Вядома, што сам аўтар, які жыў тады ў Яраслаўлі, атрымаў аўтарскія экзэмпляры кнігі на пачатку 1914 года. Шчаслівы і ўзнёслы, паэт спяшыў падзяліцца сваёй радасцю з роднымі і блізкімі сябрамі, у якіх ён заўсёды знаходзіў падтрымку і паразуменне.

22 сакавіка 1914 года Максім Багдановіч уручыў кнігі з дароўнымі надпісамі родным цёткам Марыі Ягораўне і Магдаліне Ягораўне і “сестрице Нюте” – стрыечнай сястры Ганне. Старанна захаваныя цёткамі і Нютай, а пасля іх нашчадкамі, гэтыя тры кнігі зараз займаюць пачэснае месца на выстаўцы “Праглядзіце гэты томік...”, прысвечанай 100-годдзю выхаду паэтычнай кнігі “Вянок” і створанай пры фінансавай дапамозе фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

На выстаўцы дэманструюцца рэдкія матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча, што адлюстроўваюць гісторыю стварэння кнігі: фотаздымкі, рукапісы, дакументы М.Багдановіча і супрацоўнікаў рэдакцыі газеты “Наша Ніва”, якія аказвалі дапамогу ў выданні кнігі; пазнейшыя перавыданні кнігі “Вянок”, зборнікі вершаў паэта ў перакладах на замежныя мовы.

Тэматыка вершаў “Вянка” займае адметнае месца ў беларускім выяўленчым мастацтве. На выстаўцы ўпершыню прадстаўлены мастацкія работы Юрыя Хілько – ілюстрацыі да вершаў М. Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” і “Зорка Венера”, зробленыя ў 2011 годзе. Яны былі выкананы спецыяльна для трохкніжнага выдання, якое складалася з трох вершаў М. Багдановіча “Раманс”, “Пагоня”, “Слуцкія ткачыхі” на дзесяці мовах, і прысвячалася 120-годдзю з дня нараджэння паэта.

Зборнік вершаў “Вянок” выдатнага беларускага паэта  не страціў сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень, аб чым сведчыць велізарная ўвага да кнігі з боку беларускіх і замежных даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў.

 

Выстаўка экспануецца ў Літаратурным музеі М. Багдановіча па 31 мая 2014 года з 9.00 да 17.30 (панядзелак-субота) па адрасе:  вул. М. Багдановіча, 7а

Тэлефон для даведак:  8 017 334 07 61 (Мінск)

Афіцыйны сайт: www.bagdanovich.by

Электронная пошта: bagdanovich@tut.by

Паводле прэс-рэліза

Прэсавая служба СБП