Выстава ў гонар Янкі Купалы ў Горадні

Выстава, прысвечаная Янку Купалу, адкрылася ў рамках Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур.

Яе назва: «Кветкі ўсіх народаў у вянок Купалы. 130 год з дня народзінаў Янкі Купалы». Адкрыцьцё адбылося ў прыватнай галерэі «Крыга», дзе выстаўленыя карціны гарадзенскіх аўтараў з купалаўскай тэматыкай і творы з фондаў Саюзу мастакоў з Менску.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна зьвярнула ўвагу на працу гарадзенца Сяргея Грыневіча, які намаляваў чатыры партрэты Янкі Купалы. На апошнім выява нібы раствараецца, зазначыла яна.

Сяргей Грыневіч

​​Сяргей Грыневіч патлумачыў: «Я для сябе выяўляў Купалу, каторы сапраўды раствараецца ў цемры ці можа зьнікае, памяць пра яго. Можа гэта адлюстраваліся ў мяне асацыятыўна. Тыя дзьве спробы суіцыду, прычым другая аказалася ўдалай. І колер я выбраў такі, каб падкрэсьліць трагічнасьць гэтай постаці і нашай гісторыі. Таму што яна вельмі супярэчлівая была ў апошнія гады. Шмат спрэчак наконт яго, асабліва сярод літаратараў. Я думаю, нялішне, калі й мастакі скажуць сваё слова».

Выступае прафэсар Аляксей Пяткевіч, сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменьнікаў"


На выставе — першы з чатырох партрэтаў Янкі Купалы аўтарства Сяргея Грыневіча

 

Паводле svaboda.org