Выстава “Хаім Нахман Бялік: шлях паэта” ў Музеі Янкі Купалы

Хаім Нахман Бялік (1873 – 1934) – адзін з самых яскравых паэтаў ХХ ст., “яўрэйскі Пушкін”, нацыянальны яўрэйскі паэт і класік, адзін са стваральнікаў сучаснага іўрыту, выдавец, асветнік, грамадскі дзеяч.
Ён нарадзіўся на Валыні, вучыўся ў знакамітай Валожынскай ешыве, стаў літаратарам і выдаўцом ў Адэсе. З 1924 года Хаім Бялік жыве ў Тэль-Авіве, дзе адразу становіцца цэнтральнай фігурай у культурным жыцці краіны.
На вершы Хаіма Нахмана Бяліка напісаны песні і рамансы. Яго творы перакладзены больш чым на трыццаць моў свету. Усё пакаленне яўрэйскіх паэтаў яго перыяду называюць “пакаленнем Бяліка”, – пакаленнем, якое стварыла новую паэзію на іўрыце. Бяліка перакладалі на рускую мову знакамітыя паэты: Валерый Брусаў, Фёдар Салагуб, Вячаслаў Іваноў, Уладзіслаў Хадасевіч, Самуіл Маршак.
Дом Хаіма Нахмана Бяліка стаў цэнтрам духоўнага, літаратурнага і культурнага жыцця маладога горада Тэль-Авіва, а вуліца, на якой стаяў дом, атрымала імя Бяліка яшчэ пры жыцці паэта – настолькі ён быў знакаміты і папулярны ў Эрэц-Ісраэль. І ў сённяшнім Ізраілі асветніцкі след паэта захаваўся ў духоўным і культурным жыцці краіны.
На выставе прадстаўленая частка экспазіцыі з тэль-авіўскага Дома-музея Хаіма Нахмана Бяліка – музея, ў якім сабраны ўсе яго творы, у арыгінале і ў перакладах на шматлікія мовы свету, лісты, кнігі, матэрыялы, якія тычацца жыцця і творчасці знакамітага паэта.
Выстава будзе доўжыцца з 30 ліпеня па 12 жніўня 2014 г.
Адрас музея – вул. Янкі Купалы, 4.
Арганізатар мерапрыемства – Ізраільскі культурны цэнтр пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.
Паводле прэс-рэлізу Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы