Выстава СМІ і літаратуры беларусаў свету адкрылася ва ўкраінскім Ізяславе

Першаю вясноваю "ластаўкаю" году менавіта ў Ізяславе стала выстава сродкаў масавай інфармацыі і літаратуры беларусаў свету. Перад прысутнымі выступіла загадчыца юнацкага  аддзелу бібліятэкі, у якім і размясцілася экспазіцыя выставы, спадарыня Таццяна Адамаўна Лісавік.

Яна падзякавала кіраўніку беларускай суполкі "Зорка Венера" за дапамогу ў арганізацыі менавіта гэтай выставы, а таксама за пастаяннае папаўненне беларускамоўнымі выданнямі (кнігамі, часопісамі, газетамі) аддзелу "Літаратура нацыянальных мяншыняў раёну” (палякаў, беларусаў, яўрэяў, расейцаў).

Тыднёвік "Голас Радзімы" ўжо другі год запар патрапляе ў бібліятэку адразу ж, як толькі прыходзіць да кіраўніка суполкі з Менску! А з гэтага году да яго далучаны і штомесячнік беларусаў ЗША з Нью-Ёрку "Беларус", які рэдагуе спадарыня Ганна Сурмач. Дарэчы, са спадарыняй Ганнай аўтар гэтых радкоў знаёмы шмат гадоў па МГА ЗБС “Бацькаўшчына”.

А зараз непасрэдна пра тое, што ж пабачылі 4 сакавіка на стэлажах і будуць бачыць на іх з мажлівасцю патрымаць у руках, пагартаць, пачытаць наведвальнікі юнацкага аддзелу Ізяслаўскай раённай бібліятэкі цягам 2014 году.

Па-першае, гэта выданні класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа на беларускай мове, а раман Я. Коласа "На розстанях" — на ўкраінскай мове; на ёй жа можна пабачыць і зборнік вершаў Еўдакіі Лось "Черемховий  поїзд"... Побач з мастацкім альбомам Янкі Купалы "А хто там ідзе?" на мовах народаў свету прыцягвае ўвагу прывабна аформлены том вершаў беларускіх паэтаў "Мы беларусы" і шыкоўны расповед Уладзіміра Арлова "Адкуль наш род".

Дапаможа паглыбіць веды на пытанне "Адкуль наш род?" і атлас "БЕЛАРУСЫ", у якім знаходзяцца дадзеныя па этнагеаграфіі, дэмаграфіі, дыяспары і канфесіях беларускага народу... Кнігі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Барыса Пятровіча, Наталлі Арсенневай, Таісы Бондар, Сяргея Сыса, Сяргея Панізьніка, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Іны Снарскай — беларускамоўнай паэткі з украінскай Палтавы...

Усяго 50 кніжак толькі пісьменнікаў і паэтаў! А яшчэ ж і выданні па беларускай культуры "Гісторыя культуры Беларусі", "Кампазітары Беларусі", "Этнаграфія Беларусі”, "Народнае мастацтва Беларусі", выданні па беларускай гісторыі і шэраг іншых, у іх ліку і альбомы "Флаг і герб беларускай дзяржавы", "Мінск"... СМІ прадстаўлены "Голасам Радзімы", "Народнай воляй", "Беларусам", "Нашай нівай", "Нашым словам", "Культурай", беластоцкай "Нівай", віленскай "Рунню", латвійскім "Праменем", англамоўнымі "Беларусь" і "Мінскім часам", чэшскаю "Крывіяю", бюлетэнем МГА ЗБС "Бацькаўшчына" "Беларусы ў свеце".

Сярод часопісаў можна пабачыць апошнія нумары "Роднага слова","Дзеяслова" і "Мастацтва"... Буду рады, калі прачытаўшы мой допіс, кіраўнікі "Літаратуры і мастацтва", "Звязды", "Маладосці" і іншых беларускамоўных газет і часопісаў, якія не знайшлі сваіх выданняў у пераліку прысутных на выставе ў Ізяславе, дашлюць нам па 1-2 экзэмпляры, і яны абавязкова зоймуць свой годны пасад на стэлажах выставы!

Тое ж самае датычыцца і беларускамоўных паэтаў і пісьменнікаў.

Мой паштовы адрас украінскаю мовай: Петро Капчик, вул. Незалежності, 21/2, 30300, м. Ізяслав-1, Хмельницька область, УКРАЇНА.

Спадзяюся, што з вашаю дапамогаю выстава стане яшчэ больш прывабнай і прыцягне да сябе больш наведнікаў... Нягледзячы на цяжкі час у нашай дзяржаве, Год беларускай культуры ва Ўкраіне распачаўся ў правінцыйным Ізяславе; і будуць наперадзе ў яго святкаванні і новыя мерапрыемствы,пра якія я буду абавязкова вас, шаноўныя чытачы, інфармаваць!

Пятрусь Капчык, кіраўнік суполкі "Зорка Венера", г. Ізяслаў

Прэсавая служба СБП