Выстава да 80-годдзя першага пісьменніцкага з'езду — у Прэзідэнцкай бібліятэцы

Вядома, што пасля заканчэння грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі на пачатку 20-х гг. ХХ ст. у Беларусі адбылася небывалая актывізацыя  літаратурна-грамадскага жыцця. У літаратуру прыйшла цэлая плеяда новых аўтараў. Моцны творчы патэнцыял маладой беларускай дзяржавы выразна прасочваецца па публікацыях тых гадоў у часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”, якія выходзілі пры літаратурных аб’яднаннях з аднайменнымі назвамі. На старонках  перыядычных выданняў можна ўбачыць і першыя спробы пяра маладых аўтараў, і творы пісьменнікаў старэйшага пакалення

        Самым  шматлікім згуртаваннем літаратараў тых часоў быў “Маладняк”.  У розных кутках краіны аб’яднанне мела свае філіі, пры якіх выходзілі часопісы “Аршанскі маладняк” (г. Орша), “Маладняк  Барысаўшчыны” (г. Барысаў), “Маладняк Калініншчыны”(г. Клімавічы). На экспазіцыі прадстаўлены зборнік “Зарніцы”  Полацкай філіі “Маладняка”, дзе змешчаны творы Петруся Броўкі, Эдуарда Самуйлёнка, Тараса Хадкевіча і другіх літаратараў. Пры літаратурным аб’яднанні “Маладняк” выйшла  шмат аўтарскіх выданняў. На іх вокладках выявы маладых пісьменнікаў: Іларыёна Барашкі, Кандрата Крапівы, Паўлюка Труса, Міхася Чарота, Алеся Якімовіча і многіх тых, хто  плённа працаваў на літаратурнай ніве ў гэты перыяд. Многія тэмы, якія закранаюць у сваіх творах маладнякоўцы, прадыктаваны часам. Па публікацыях выразна акрэсліваюцца асноўныя матывы творчасці аўтараў той пары. У творах адчуваецца захапленне рэвалюцыйнымі пераменамі і будаўніцтвам новай дзяржавы, прасочваюцца  развагі  аб складанасцях і супярэчнасцях часу.

       На старонках часопіса “Узвышша” знайшла адлюстраванне творчасць  Адама Бабарэкі, Уладзіміра Дубоўкі, Кандрата  Крапівы,  Язэпа  Пушчы, Кузьмы Чорнага і многіх другіх аўтараў тых гадоў. У нумарах перыядычнага выдання можна пазнаёміцца не толькі з творамі айчынных пісьменнікаў. Дакрануцца да творчасці чэшскага пісьменніка Іжы Волькера дапамагаюць пераклады Уладзіміра Жылкі. Настрой паэзіі літоўскага аўтара Юліуса Яноніса  адчуваецца праз пераклады Уладзіміра Дубоўкі. Аб дзейнасці літаратараў з суседніх краін распавядаецца ў артыкуле Юрыя Бярозкіна “Расейская мастацкая проза ў 1926 годзе”.  

        На старонках часопіса “Полымя”, які некаторы час меў назву “Полымя рэвалюцыі”, змешчана шмат твораў, якія належаць пісьменнікам старэйшага пакалення – Янку Купалу, Якубу Коласу, Змітраку Бядулю, Цішку Гартнаму і іншым. Акрамя мастацкіх твораў у выданні размешчаны літаратурна-крытычныя працы, сярод  якіх публікацыі Міколы Байкова, Івана Замоціна, Міхаіла Піятуховіча. Прыцягваюць увагу і навуковыя артыкулы Сцяпана Некрашэвіча, Антона Лёсіка, Язэпа Лёсіка і другіх аўтараў. Аб грамадска-палітычным і эканамічным  жыцці можна даведацца з артыкулаў Алеся Чарвякова,  Гаўрылы  Гарэцкага, Хведара Імшэніка, Аляксандра Цвікевіча і іншых.

      Добра прасочваюцца тэндэнцыі развіцця новай беларускай літаратуры ў першыя гады сацыялістычнага будаўніцтва па публікацыях у часопісах тых далёкіх гадоў, па выданнях твораў гэтага перыяду.

     Вядома, мастацкая літаратура – люстра, у якім адбіваецца час. Гістарычныя, грамадскія, сацыяльныя, культурныя падзеі заўсёды аказваюць уплыў на яе развіццё. На экспазіцыі знайшлі адлюстраванне і сацыяльна-палітычныя складанасці гэтага перыяду, калі творчы ўздым інтэлігенцыі на дзесяцігоддзі быў спынены сталінскімі рэпрэсіямі. Зразумела, што многія  пісьменнікі не паспелі цалкам рэалізаваць свае творчыя магчымасці. Творы рэпрэсіраваных аўтараў доўгі час былі забаронены, не друкаваліся. Толькі ў канцы ХХ стагоддзя да нас вярнуўся цэлы пласт беларускай літаратуры тых гадоў. Сталі выходзіць выданні твораў рэпрэсіраваных пісьменнікаў, глыбока і ўсебакова даследавацца і аналізавацца іх творчая  спадчына. На выставе прадстаўлены працы літаратуразнаўцаў, якія прысвечаны літаратурнаму працэсу 20-30 гг. ХХ стагоддзя.

      Кожны чытач, які трапляе ў бібліятэку, спыняецца ля экспанатаў выставы “Між дзвюх эпох...”. Зацікавілася экспазіцыяй і Станіслава Кавалёва, якая з’яўляецца пляменніцай Віктара Казлоўскага, аднаго з літаратараў гэтага яркага пакалення. Станіслава Юльянаўна  доўгі час працавала ў бібліятэцы, а зараз часта наведвае яе. З цікавасцю ўглядалася жанчына ў дакументы тых часоў, сярод якіх публікацыі яе роднага дзядзькі ­­­­– Віктара Казлоўскага, тады маладога беларускага паэта, творы якога даследчыкі лічаць блізкай да паэзіі Сяргея Ясеніна, Уладзіміра Маякоўскага. Акрамя публікацый ў часопісах “Маладняк”,  “Узвышша”, “Полымя” ў 1932 годзе ўбачылі свет адразу тры асобныя выданні аўтара: зборнікі паэзіі “Музыка працы” і “Слова аб юнай краіне”, паэма “Рахіль”. Таленту пісьменніка не давялося раскрыцца на ўсю моц. Літаратар трапіў пад таталітарную машыну сталінскіх рэпрэсій, хоць і застаўся жывым, але здароўе было моцна надарвана.  Станіслава Юльянаўна крапатліва збірае для сямейнага архіва матэрыял, які звязаны з жыццём і творчасцю блізкага ёй чалавека.  Для яе выстава, як і для многіх з нас,  гэта яшчэ адна магчымасць пераасэнсавання тых далёкіх часоў, падзей, якія аказалі ўплыў на далейшы лёс людзей і краіны.  

 Супрацоўнік аддзела старадрукаў  і рэдкіх выданняў  Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Паўлавіцкая  С.Д.