Выстава да юбілею Цёткі — 15 ліпеня

На выставе “Апосталка беларускага адраджэння”, якая распачынае сваю дзейнасць з 15 ліпеня 2016 года ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі (вул. Карла Маркса, 34), паказ асобы Цёткі і яе ўклад мае сучасны аналітычны характар, які выяўляецца праз дэманстрацыю адначасова прадметаў быту, кніг і фотаздымкаў як канца ХІХ - пачатку ХХ стст. (часу жыцця пісьменніцы), так і матэрыялаў мастацкай і навуковай накіраванасці, створаных у сяр. ХХ – пач. ХХІ стст.

Адзін з комплексаў экспазіцыйнай прасторы дэманструе матэрыялы, якія паказваюць фарміраванне і станаўленне асобы Алаізы Пашкевіч. Наведвальнік зможа ўбачыць прыжыццёвыя выданні аўтаркі – “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду”, “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, дакументы, якія суправаджалі пачатковы этап жыцця жанчыны, габелен канца ХІХ ст. прыналежнасці сям’і Пашкевічаў і інш.

Лідзія Арабей, Валянціна Коўтун, Рыгор Барадулін, Данута Бічэль-Загнетава, Алег Лойка і інш. спрычыніліся да глыбокага аналізу шматграннай натуры Цёткі і прысвяцілі частку свайго жыцця аналізу дзейнасці гэтай незвычайнай жанчыны.

Ужо на сённяшнім этапе развіцця культуры мастацкія і навуковыя працы новых пакаленняў дапамагаюць успрыняць гістарычныя факты і асабістыя памкненні пісьменніцы-змагаркі вачыма сучасніка, прадвызначыць тыя агульнанацыянальныя факты і памкненні, што яднаюць народ на працягу ўсяго часу яго існавання і развіцця ў розных палітычных і грамадскіх умовах. Гэтую тэму на выставе ілюструюць рукапісы твораў, выданні кніг, навуковыя матэрыялы і даследаванні, прысвечаныя асобе Алаізы Пашкевіч, аўтарства якіх належыць літаратурнай і навуковай інтэлігенцыі.

Да інтэрпрэтацыі вобразаў, створаных пісьменніцай, і іх візуалізацыі прыклалі намаганні і беларускія мастакі. Графічныя працы Міколы Купавы і Анатоля Волкава, прадстаўленыя ў асобным экспазіцыйным комплексе, з’яўляюцца ўвасабленнямі герояў, пейзажаў, дзеянняў і нават думак, агучаных і раскрытых у вершах і апавяданнях Цёткі.

Даведкі па тэлефоне: 335-44-47; 334-56-21

Паводле прэс-рэлізу