Выстава візуальнай і камбінаторнай паэзіі Worttandem

Выстава візуальнай і камбінаторнай паэзіі Worttandem пройдзе у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» з 1 па 12 лістапада 2010 года.
Праэкт “Культуркантакт Ааргаў – Беларусь” прэзентуе выставу Беата Глоара (Швэйцарыя) і Дзмітрыя Дзмітрыева (Беларусь).
Адкрыццё выставы – 1 лістапада, 20:30 у зале кнігарні “ЛогвінаЎ”, творы можна будзе ўбачыць у трэш-зале галерэі і ў самой кнігарні.
Два візуальных літаратары, што дагэтуль не ведалі адзін аднаго, узаемна візуалізаваліся: Беат Глоар са швейцарскага Клінгнаў і беларус Дзмітры Дзмітрыеў з Магілёва ўтварылі тандэм. Абодва – прадстаўнікі візуальнай ды камбінаторнай літаратуры. Яны гуляюць з літарамі, словамі ў пошуках моўнай шматзначнасці.
Свае працы з прыхаванымі і падвоенымі сэнсамі яны прадстаўляюць у галерэі “Ў”.
Працы, што ствараліся паасобку, у незалежнасці адзін ад аднаго, аб’яднаныя ў пары, распачынаюць дыялог, поўны супярэчнасцяў ды адзінагалоснасці, нечаканасцяў ды заканамернасцяў.
Разам Беат Глоар і Дзмітры Дзмітрыеў – больш чым літаратурны тандэм. Гэта вывучэнне культурнага і моўнага асяродку свайго суразмоўцы. Распачаты “Культуркантактам Ааргаў-Беларусь” жнівеньскі дыялог у швейцарскім Бадане цяпер мае свой працяг ў Мінску.
“Жыццё надзвычай кароткае”, – кажа куратар праекту Мадлен Рай. І дадае, – “каб бавіць гэты час дома”.