Выстава-кірмаш дзіцячай кнігі пачынаецца сёння

Першая ў Беларусі спецыялізаваная выстава-кірмаш дзіцячай
кнігі «Кніжкі ў штоніках» пройдзе з 27 снежня па 5 студзеня ў Мінскім
Палацы мастацтваў — вул. Казлова, 3, (ст. метро «Плошча Перамогі»).
Пройдзе яна ўпершыню і будзе доўжыцца да 5 студзеня.
Асноўная задача выставы — прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы дзіцячага чытання, павышэнне цікавасці дзяцей і бацькоў да чытання кніг, якое спрыяе развіццю духоўнасці грамадства.
У выставе-кірмашы возьмуць удзел беларускія і расійскія выдавецтвы, дзіцячыя перыядычныя выданні і кнігагандлёвыя арганізацыі. Найбуйнейшымі экспанентамі выступаюць ААТ «Белкніга» і выдавецтва Беларускага экзархата. Таксама будуць прадстаўлены дыскі з апошнімі версіямі навучальных гульняў і праграм.
«Літаратурныя вячоркі» запрашаюць на сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі Андрэем Смятаніным, Андрэем Жвалеўскім, Яўгеніяй Пастарнак, Ганнай Красніцкай, Аленай Міхаленка, Аркадзем Груздовым, Аленай Піменавай ды інш. Пройдуць таксама «Літаратурныя малявалкі». Мастакі дадуць урокі малявання на шарах і выцінання з паперы, адкрыюць сакрэты карыкатуры і калажу. На спецыяльнай гульнявой пляцоўцы можна будзе паўдзельнічаць у роспісы вялікіх папяровых хатак.
Супрацоўнікі менскіх і раённых дзіцячых бібліятэк
правядуць на кірмашы тэматычную сустрэчу "Мы распавядзем дзецям пра
ўсё на свеце". Акрамя таго, адбудзецца семінар па прапагандзе беларускай літаратуры
"Чытаючыя дзецi — чытаючая нацыя". Мамы і таты змогуць наведаць бацькоўскі факультатыў "Чытайце дзецям кніжкі, а
не натацыі".
На цырымоніі адкрыцця будуць уручаны ўзнагароды пераможцам Фестывалю дзіцячага чытання.
Дзеці і дарослыя таксама ўбачаць спектаклі лялечнага тэатра «Батлейка» і тэатра «Вобраз». Можна будзе наведаць калядныя імпрэзы. Завітае на кірмаш і Дзед Мароз.