Выйшаў №3 альманаха «Брама»

Паэтычныя і празаічныя творы па чарзе (менавіта так структураваны раздзел) прадстаўляюць Сяргей Целеш, Сяргей Украінка, Таццяна Барысік, Тамара Аўсяннікава, Віталь Еўмянькоў, Лідзія Андрэева, Валерый Казакоў, Базыль Камароў, Фелікс Шкірманкоў, Надзея Палубінская, Анатоль Санаценка, Валянціна Вараб'ёва, Міхась Карпечанка, Алесь Макрацоў, Юрый Несцярэнка, Аляксей Карпенка, Аляксей Бацюкоў, Мікола Яцкоў, Васіль Аўраменка, Міхась Калясянец. Рубрыка «Пераклады» змяшчае перастварэнні тэкстаў Эдуарда Мядзведскага, Навума Сандамірскага і Губерта Грывэла.

Раздзел «Спадчына» утрымлівае ўспаміны Сяргея Панізьніка да 95-годдзя з дня нараджэння магілёўца Аляксея Пысіна, аздобленыя рэдкімі фотаздымкамі і рэпрадукцыямі аўтографаў. Пра раннюю лірыку Пысіна піша нататкі і Сяргей Украінка. Уладзімір Ліўшыц прапануе біяграфічны артыкул пра пісьменніка міжваеннага часу Васіля Каваля. На аснове аріхўных дакументаў і неаднаразова згаданай у тэксце «Справы №10898 па абвінавачанні гр-на Каваля Васіля Пятровіча па арт.арт. 72 і 76 КК БССР, 59-7, 58-8, КК РСФСР» распавядаецца біяграфія рэпрэсаванага літаратара. Артыкул Валерыя Васілеўскага «Рэха незабыўнай сустрэчы» прысвечаны Сяргею Грахоўскаму з магілёўскага Глуску.

У рубрыцы «З літаратурнай спадчыны» з артыкулам выступае слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын, які распавядае пра знакавую і легендарную для Магілёўшчыны постаць – Машэку. Толькі гаворка ідзе не пра купалаўскага ці караткевічцкага героя, а пра аднайменную малавядомую паэму заходнебеларускага літаратара Аўгена Бартуля.

Крытыка і літаратуразнаўства ў алльманаху прадстаўлена артыкуламі Тамары Аўсяннікавай, якая аналізуе кнігу Ніла Гілевіча «У віры быцця», што выйшла ў серыі «Кнігарня пісьменніка»; Яраслава Клімуця – пра літаратурна-крытычны талент Алеся Адамовіча; Алены Быкавай пра паэтычны зборнік Тамары Аўсяннікавай «Скрыжалі». Сёлетняя прызёрка прэміі імя Ежы Гедройца Таццяна Барысік публікуе артыкул «Уюн на пяску трохлітровага возера» пра кнігу «Белы бусел, чорнае пяро» Сяргея Украінкі. Віталь Еўмянькоў аналізуе пакручастую гісторыю газеты 1563 года «Навіны грозныя…», якая ў гісторыі журналістыкі лічыцца першым беларускім перыёдыкам.

«Нахінецца магілёўская брама, пахіснецца брамнік – не ўтрымаецца наш нябесны Іерусалім, наша Беларуская Рэч паспалітая. Так ужо было, але так не павінна быць сёння. Не павінна! Бо, дзякуй Богу, ёсць у Магілёве «Брама», і стаяць у ёй сякія-такія брамнікі… Няхай будзе так і надалей» -- піша ў прадмове сябра Рэдакцыйнай Рады альманаха Віталь Еўмянькоў. З ім нельга не пагадзіцца.

Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»