Выйшаў 53-і нумар “Дзеяслова”

У летнім нумары літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў” –  новыя паэтычныя падборкі ад Сяргея Законнікава, Віктара Жыбуля, Ірыны Бельскай.

Празаічную частку выдання склалі пачатак рамана Ігара Бабкова “Партрэт мастака, нябачны ў сутонні”, навэлы Алеся Гізуна, а таксама “Бестыарый майго савецкага дзяцінства” Людмілы Рублеўскай. Пераклад апавядання Графа дэ Лотрэамона “Песні Мольдарора”для часопіса ажыццявіў Дзмітры Серабракоў, а вершы амерыканца Іллі Камінскага па-беларуску перастварыла Вальжына Морт.

Акрамя таго ў выданні змешчаныя гутаркі з сёлетнім юбілярам Генадзем Бураўкіным і Дзмітрыем Плаксам, адным з аўтараў літаратурна-музычнага праекту “Perашкоды і Naціскі”. Дарэчы, кружэлку праекту атрымае ў падарунак кожны чытач новага “Дзеяслова”.  

У рубрыцы “Крытыка” пра апошнюю кнігу Сяргея Календы піша Марына Весялуха, Леанід Галубовіч дзеліцца ўражаннямі ад дэбютнага зборніка паэзіі Віталя Рыжкова.  

Цалкам са зместам нумару можна пазнаёміцца на сайце выдання.

У аздабленні вокладкі нумару скарыстаныя ілюстрацыі Алены Шлегель.

Прэсавая служба СБП