Выйшаў "Дзеяслоў" № 61 – анонс новага нумара

Днямі пабачыў свет новы, 61-ы нумар літаратурнага часопіса “Дзеяслоў”. На старонках выдання – вершаваныя падборкі Ірыны Багдановіч, Віктара Жыбуля, Ірыны Хадарэнка, Ігара Канановіча, а таксама паэма Алеся Чобата “Самалёт”.

У рубрыцы “Проза” – “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. Менскі раман” Уладзіміра Някляева. Узбагачае празаічныя жанравыя формы і твор Вінцэся Мудрова, азначаны як “канспект рамана”. Аднак нельга абысціся і без апавяданняў: у новым “Дзеяслове” – Павел Касцюкевіч і Ігар Сідарук. З “Казкамі лесу” дэбютуе Марына Яўсейчык.

З перакладной літаратуры нумар змяшчае трагедыю “Бакханкі” Эўрыпіда, пераствораную ў 1920-я гады беларускім пісьменнікам і музыколагам Юльянам Дрэйзіным. Публікацыя Алеся Жлуткі, падрыхтоўка тэксту і каментара да публікацыі – Лявона Баршчэўскага.

Рубрыка “Запісы” знаёміць чытачоў з аўтабіяграфічным “Армейскім блакнотам” Валерыя Гапеева, а таксама з заканчэннем публікацыі “Абібокаў” Валерыя Казакова.

Рыгор Сітніца робіць штрыхі да творчага партрэта Уладзіміра Савіча.

Свежы “Дзеяслоў” вылучаецца разнастайнасцю і неардынарным падборам літаратурна-крытычных матэрыялаў. На старонках выдання – ажно шэсць змястоўных артыкулаў.

Сярод іх – рэцэнзія Ірыны Шаўляковай на кнігу Леаніда Галубовіча “З гэтага свету”. Адметна тое, што побач – рэцэнзія самога ЛеГАЛа на “Разам з табою” Яна Твардоўскага. Сяргей Кавалёў аналізуе раман Артура Клінава “Шалом”, аднак п’еса “Інтымны дзённік” уласна спадара Сяргея трапляе ў поле зроку даследчыцы Марыі Паляковай.

Эсэ замест рэцэнзіі на “Стрэмку” Сержука Сыса прадстаўляе Сяргей Вераціла. Галіна Дубянецкая выказваецца з нагоды выхаду кнігі Ірыны Багдановіч “Душа лістападу”.

У традыцыйным “Дзеяпісе” – агляд кніжных навінак. Напрыканцы можна азнаёміцца са зместам часопіса “Дзеяслоў” за 2012 год.    

Прэсавая служба СБП