Выйшаў "Дзеяслоў" № 62 — анонс свежага нумара

Пабачыў свет 62-гі нумар часопіса “Дзеяслоў”, які аднолькава багаты на розныя літаратурныя жанры, але асабліва на паэзію. На старонках выдання — вершы Генадзя Бураўкіна, Юркі Голуба, Васіля Жуковіча, Наталлі Русецкай, Віктара Слінкі, Юрася Шамецькі, а таксама Ярыны Дашынай і Андрэя Сцепанюка.

Проза прадстаўлена працягам твора “У Вільні і больш нідзе” Леаніда Дранько-Майсюка, аповесцю Макса Шчура “Газетчык”, абразкамі Лідзіі Арабей “Пошукі ісціны”. Значная ўвага ў часопісе адведзена апавяданням Уладзіміра Міхно, Алега Аблажэя, Паўла Анціпава (у перакладзе Уладзя Лянкевіча) і Віталя Воранава.

Рубрыка “Дэбют” знаёміць чытачоў з дзвюма паэткамі —Кацярынай Сянкевіч і Юляй Сплюшка.

Адметнасць нумара — Анталогія сучаснай украінскай літаратуры. Паэзію пераклалі на беларускую мову Аксана Спрынчан, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч, Эдуард Акулін. Прозу сямі аўтараў перастварыў Валер Стралко.

“Пасмяротнае падарожжа” Рышарда Крыніцкага пераклаў з польскай мовы Андрэй Хадановіч.

У новым нумары — эсэ Уладзіміра Сіўчыкава, Паўла Ляхновіча, Аляксея Каўкі. Святлана Раманава прадстаўляе гутарку з мастачкай Людмілай Пятруль.

Літаратурная крытыка ў “Дзеяслове” заўсёды змястоўная: 62-гі нумар адзначаецца матэрыяламі шасці аўтараў, сярод якіх — адно філалагічнае даследаванне на тэму сучаснай інтымнай лірыкі  (аўтар Ала Брадзіхіна) і пяць рэцэнзій на новыя кнігі. Лада Алейнік піша пра Алеся Усеню, Ганна Янкута — пра Альгерда Бахарэвіча, Мікола Захаранка рэцэнзуе кнігу Сержука Вітушкі. Алеся Лапіцкая аналізуе альманах “Беларус”, а Усевалад Сцебурака выказваецца пра прозу Віктара Шалкевіча.

У рубрыцы “Дзеяпіс” — традыцыйны агляд новых выданняў.

Прэсавая служба СБП