Выйшаў "Дзеяслоў" № 65. Агляд новага нумара

Адкрываецца выданне фрагментам з новай кнігі Святланы Алексіевіч “Час second-hand” (Канец чырвонага чалавека) у перакладзе на беларускую мову Валера Стралко. Гэты твор будзе выдадзены адразу на некалькіх мовах, і важна тое, што беларускія чытачы аднымі з першых маюць магчымасць азнаёміцца з ім.

Гістарычны раман Эрнеста Ялугіна “Перад Патопам”, пачатак якога апублікаваны ў свежым “Дзеяслове”, распавядае пра часы падрыхтоўкі Люблінскай уніі і пра няпростыя варункі жыцця ў Рэчы Паспалітай.

Твор Ігара Бабкова “Паветраны шар (1984)” мае падзагаловак “Другая аповесць з рамана-павуты”. Думаецца, гэта працяг постмадэрнісцкіх пошукаў аўтара ў празаічным жанры. Таксама ў новым “Дзеслове” можна прачытаць апавяданні Вінцэся Мудрова і Аляксея Чубата.

Паэзію ў нумары прадстаўляюць Алесь Каско, Фелікс Баторын, Алена Ігнацюк, Уладзімір Мароз. Дэбютантамі сталі Максім Баравік з вершамі і Алесь Брагінец з апавяданнем.

Вершы з розных кніг Віславы Шымборскай пераклаў Андрэй Хадановіч. А Наталля Русецкая перастварыла па-беларуску п’есу пісьменніцы і мецэнаткі Францішкі Уршулі Радзівіл.

Фрагмент з новай кнігі Рыгора Барадуліна, якая неўзабаве пабачыць свет, — запісы расповедаў жыхароў Вушаччыны, што перадаюць жывое маўленне людзей, — суправаджаецца прадмовай Уладзіміра Някляева.

Даступны чытачам новага нумара і працяг “Знакаў прыпынку” спадара Някляева.

Пра згадкі і сведчанні мінулага распавядаюць матэрыялы Дануты Бічэль “Ніна Мацяш і сяброўкі яе святога жыцця”, Сяргея Панізніка “У цэнзарскім полымі. З нагоды адной не-публікацыі”. Дыскутуюць на тэму азначэння мастацкага густу Эдуард Дубянецкі і Віктар Жыбуль.

Ева Лявонава даследуе творчасць Максіма Гарэцкага ў святле еўрапейскага літаратурнага досведу.

Анатоль Сідарэвіч рэцэнзуе кнігу ўспамінаў і лістоў Зоські Верас. Не менш адметным з’яўляецца артыкул Леаніда Галубовіча пра паэтычную кнігу Валера Дубоўскага.

Завяршаецца “Дзеяслоў” № 65 традыцыйным аглядам кніжных навінак.

     

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"