Выйшаў "Дзеяслоў" № 66. Агляд новага нумара

“Дзеяслоў” № 66 адкрываецца новым апавяданнем Уладзіміра Някляева “Бары-бэры”. Змешчаны ў часопісе працяг рамана Эрнеста Ялугіна “Перад Патопам”. Таксама проза прадстаўленая творамі Сяргея Рублеўскага, Евы Вежнавец, Уладзіслава Ахроменкі, Генадзя Дзмітрыева, Касі Дземянчук, Наталлі Навіцкай.

У паэтычнай частцы нумара — вершы Веры Бурлак, Анатоля Дэбіша, Васіля Дэбіша, Фёдара Ястраба, Іны Снарскай, Ірыны Бельскай, Асі Волкавай, Мікіты Прыходзькі. Дэбютантамі “Дзеяслова” сталі паэты Ксеня Бандарэнка і Максім Шняк.

Пераклад паэмы Льюіса Кэрала “Снаркаловы”, пераствораны з ангельскай мовы і пракаментаваны Максам Шчуром, можна назваць галоўнай цікавосткай новага выпуску выдання. Пераклады вершаў Тадэвуша Міціньскага і каментары да іх падрыхтаваныя Ірынай Хадарэнка да 140-годдзя з дня нараджэння польскага паэта, празаіка, перакладчыка, драматурга.

У рубрыцы “Памяць” — матэрыялы Валяр’яна Кісліка пра Навума Кісліка і Дзмітрыя Паўлаўца да 130-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Некрашэвіча. Успаміны пра 1990-я, складаную грамадска-культурную сітуацыю ў тагачаснай Беларусі прапануюць чытачам Алесь Бяляцкі, а таксама Антон Кулон.

Вытрымкі з філасофскага дзённіка Алеся Гібок-Гібкоўскага выйшлі ў рубрыцы “Запісы”. Агляд драматургіі Сяргея Кавалёва робіць Ігар Набытовіч, а Анатоль Сідарэвіч піша пра знанага літаратуразнаўцу Рыгора Семашкевіча.

У крытыцы — артыкул Алы Петрушкевіч “Каханне і смерць Едруся Мазько”, рэцэнзія Алесі Лапіцкай на кнігу Алеся Пашкевіча, матэрыял Алены Ніякоўскай пра раман Алеся Аркуша “Палімпсэст”. Леанід Галубовіч адгукаецца на кнігу Міколы Кандратава.

Завяршаецца “Дзеяслоў” № 66 традыцыйным аглядам новых кніг.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"