Выйшаў "Дзеяслоў" № 67. Агляд новага нумара
Паэзія ў “Дзеяслове” № 67 прадстаўленая, акрамя публікацыі дзядзькі Рыгора, творамі Юркі Голуба, Леаніда Галубовіча, Вольгі Гронскай, Алеся Камоцкага, Волі Чайкоўскай, Уладзі Лянкевіча. Дэбютантам у паэзіі стаў Уладзімір Дрындрожык.
Аповесць Андрэя Федарэнкі “Дзядзька Адольф”, два апавяданні Віктара Казько пад агульным загалоўкам “Вечны покліч вады”, абразкі Лідзіі Арабей “Пошукі ісціны” і Усевалада Сцебуракі “Вячэра з відам на “Дынама”, тры апавяданні Віктара Супрунчука і сямейная сага Паўла Касцюкевіча “План Бабарозы” склалі празаічную частку часопіса.
У рубрыцы “Спадчына” змешчаная гутарка Зіновія Прыгодзіча з Барысам Сачанкам.
Матэрыял Алеся Пашкевіча “Той дзень надышоў. Духоўны ўніверсум прозы Масея Сяднёва” прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння пісьменніка.
Пётра Садоўскі палемізуе з Валянцінам Акудовічам і ідэямі, выказанымі ім у кнізе “Код адсутнасці” адносна бачання беларускай ідэнтычнасці.
Крытык Ірына Шаўлякова-Барзенка даследуе ў сваім артыкуле феномен тутэйшасці ў найноўшай беларускай літаратуры.
Эмануіл Іофе рэцэнзуе кнігу Тымаці Снайдэра. Рубрыка “Дзеяпіс” распавядае пра новыя кнігі.
У Мінску новы нумар часопіса “Дзеяслоў” можна купіць у крамах “Акадэмкніга” (пр. Незалежнасці, 72), “Кніжны салон” (вул. Калініна, 5) і кнігарні “Ў” (пр. Незалежнасці, 37а).
Прэсавая служба СБП