Выйшаў "Дзеяслоў" № 63. Анонс новага нумара

Паэзію ў нумары прадстаўляюць Рыгор Барадулін (нізка “Вершатэрапія”), Андрэй Хадановіч з падборкай “Амерыканскі футбол”, Серж Мінскевіч з “Адвечным рэчытатывам”, Аксана Спрынчан (“Сама(і)люстрацыя”), Анатоль Івашчанка (“Закон не-жалезнасці”). Дэбютантамі “Дзеяслова” сталі маладыя паэты Наталля Шыпіла, а таксама Уладзімір Шыпіла.

З 63-га нумара пачынаецца публікацыя гістарычнага рамана Алеся Усені “Грэх”, прысвечанага станаўленню хрысціянства і пераследаванню першых хрысціянаў ва Іудзеі.

“Наколькі магчыма, я імкнуўся прытрымлівацца гістарычных фактаў, — адзначае аўтар у прадмове. — Аднак жа ў мастацкай прозе нельга абысціся без пэўнай долі фантазіі, тым болей, што пра тыя часіны звестак засталося не так і шмат. Таму <…> прашу ўспрымаць гэты твор толькі як маю асабістую версію”.

Празаічную частку “Дзеяслова” таксама склалі апавяданні Уладзіміра Дамашэвіча, Кастуся Траўня, Уладзіслава Бубена і навелы Уладзіміра Сцяпана.

У рубрыцы “Тэатр” можна пазнаёміцца з п’есай Ніла Гілевіча “Прывітанне ад Агрыпіны”, жанр якой аўтар акрэслівае як камедыю ў дзвюх дзеях.

У новым “Дзеяслове” змешчаная навела літоўскага пісьменніка Юозаса Грушаса “Голыя выглядаюць непрыгожа” ў перакладзе Сюзанны Паўкштэла, а таксама выбраныя афарыстычныя запісы Іва Андрыча пад агульным назовам “Знакі ўздоўж дарогі”, пераствораныя з сербскай мовы Ганнай Навумавай.

На старонках часопіса — працяг публікацыі “заўчасных успамінаў” Аляксандра Лукашука і “Знакаў прыпынку” Уладзіміра Някляева. Сяргей Астравец прадстаўляе твор “Вайна ў Дуброўніку” (З чарнагорскага дзённіка), які балансуе на мяжы мемуарыстыкі і паэзіі — хутчэй, яго можна назваць дзённікам-паэмай, напісанай верлібрам.

У рубрыцы “Памяць” — артыкул Рыгора Сітніцы пра Сержука Цімохава і літаратуразнаўчае даследаванне Эмануіла Іофе да 110-годдзя Платона Галавача.

Крытыка ў 63-ім нумары па-добраму здзіўляе сваёй разнастайнасцю — шырокім ахопам рэцэнзаваных кніг, абраных тэмаў, і, канечне, аўтарытэтнымі імёнамі аўтараў. Тут можна прачытаць матэрыялы Івана Штэйнера, Сяргея Кавалёва, Алеся Бяляцкага, Ірыны Шаўляковай, Леаніда Галубовіча, Ганны Навумавай.

Рубрыка “Дзеяпіс” распавядае чытачам пра навінкі беларускага кнігадруку.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"