Выйшаў “Дзеяслоў” № 57

“Дзеяслоў” № 57 пачынаецца з паэзіі Алеся Разанава. Ягоная падборка вершаў “Столькі і гэтулькі. Пункціры” адкрывае новы нумар. У рубрыцы “Паэзія” вы таксама знойдзеце творы Васіля Жуковіча, Алеся Бакача, Змітра Вішнёва і Сяргея Прылуцкага.

Рубрыка “Проза” гэтым разам багатая на ўрыўкі з раманаў: чытачоў чакае працяг “Святла лускі” Сяргея Рублеўскага, урывак з “Мы ніколі пра гэта не раскажам” Валерыя Гапеева, пачатак рамана ў апавяданнях Генрыха Далідовіча “Рурыкавічы і Рагвалодавічы. Аляксандр Фядута публікуе прозу пад назвай “Мама. Горкі раман” са сваёй кнігі ўспамінаў “Мой маленькі Парыж”.  Таксама ў рубрыцы ― працяг “згадак” Алеся Усені “Мой лістапад”.

Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы Анатоль Трафімчык публікуе сваю працу, прысвечаную падзелу Беларусі 1921 г. у паэтычным асэнсаванні класіка беларускай літаратуры.

У новым нумары чытачы таксама знойдуць трагедыю Эўрыпіда “Медэя” ў перакладзе Лявона Баршчэўскага.

Сваім бачаннем нашумелай кнігі Аляксандра Лукашука “Сьлед матылька. Освальд у Менску”, якая сёлета ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Гедройца і атрымала прэмію “Гліняны Вялес” дзеліцца Сяргей Астравец у “Крытыцы”.

Цікавая і рубрыка “Дзённікі”, куды ўвайшлі нататкі Ніла Гілевіча, Алеся Жука ды Кастуся Цвіркі ― сёлетняга лаўрэата прэміі “Дзеяслова” “Залаты апостраф”“за ўклад у развіццё сучаснай беларускай літаратуры”.

Прэсавая служба СБП