Выйшаў беларускі пераклад “Бэўвульфа”

Апроч уласна паэмы кніга змяшчае прадмову, каментары, дадатак — пераклад са стараверхненямецкай “Песні пра Гільдэбранда” і радаводы ўладароў данаў, геатаў і шведаў. Мастак — Яўгенія Васкрасенская. Працу над “Бэўвульфам” перакладчык пачаў больш за шэсць гадоў таму.

“Бэўвульф” — стараангельская эпічная паэма, дзеянне якой адбываецца ў Скандынавіі. Тэкст з 3182 радкоў алітэрацыйным вершам, напісаны, імаверна, у VІІІ ст. і захаваўся ў адзіным рукапісе, створаным на мяжы Х і ХІ стагоддзяў, які ледзь не згарэў у пажары ў бібліятэцы Роберта Котана ў 1731 годзе. Гэта самая старажытная паэма германскай Еўропы, што захавалася ў поўным аб’ёме. На рускую мову паэму пераклаў Уладзімір Ціхаміраў (1975), на ўкраінскую — Алена О’Лір (2012).

Выданне ўжо з’явілася ў кнігарнях.

Антон Францішак Брыль — паэт, перакладчык з ангельскай, лаціны, польскай, аўтар зборніка вершаў “Не ўпаў жолуд” (2011). У яго перакладзе выйшла казка Дж. Р. Р. Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану” (2010).

ПрайдзіСвет