Выйшаў двухтомнік Адама Бабарэкі

У свет выйшла спадчына Адама Бабарэкі — два тамы ўвабралі ў сябе больш за 1500 старонак літаратуразнаўчых, мастацкіх тэкстаў, ліставанне.



Адам Бабарэка — літаратурны крытык, які за адно дзесяцігоддзе, 1920-я гады, здолеў раскрыцца і знікнуць са старонак газет і часопісаў. Нягледзячы на багатую спадчыну, пры жыцці ў яго выйшла толькі адна кніга — зборнік апавяданняў. Зразумела, выдаваць яго пасля першага арышту ў 1930 годзе было немагчыма. У канцы 1950-х Бабарэку рэабілітавалі, але яго напрацоўкі так і заставаліся незапатрабаванымі.

Адам Бабарэка (1899-1938) — пісьменнік, літаратуразнавец. Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», «Узвышша». У 1930-м арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі. Асуджаны да 5 гадоў высылкі. Пасля тэрмін быў працягнуты яшчэ на 2 гады. У 1937 паўторна арыштаваны. Памёр у лагеры. Распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс. У Маскве жыве яго дачка Алеся — адзіны прамы нашчадак крытыка.

Адзін з укладальнікаў і рэдактар двухтомніка Віктар Жыбуль адзначае, што яшчэ ў 1926 годзе мелася выйсці кніга крытыкі. Але ў гэты час адбыўся раскол «Маладняка», і частка літаратараў, у тым ліку Бабарэка, стварылі аб’яднанне «Узвышша». І кніга, якая рыхтавалася «Маладняком», выйсці не магла ўжо з ідэйных меркаванняў.

«Цягам 1920-х ствараліся штучныя ўмовы, каб кніжка ў Бабарэкі не выходзіла.

Падразалі фінансаванне за кошт выдання кніжак іншых літаратараў. Не любілі Адама канкурэнты, прадстаўнікі варожых «Узвышшу» суполак. І так атрымлівалася, што гэтыя людзі займалі пэўныя пасады. Да прыкладу, Цішка Гартны, найбольш актыўны апанент «Узвышша», — адзначае Віктар Жыбуль.

У канцы 1960-х, да 70-годдзя Бабарэкі, меркавалася выдаць том выбранага. Але далей размоў не пайшло. Толькі ў 1999 годзе асобным выданнем выйшлі лісты з турмы і высылкі Адама Бабарэкі да сям’і. Выдаў іх Мікалай Ількевіч.

Сп. Жыбуль сярод прычын, па якіх спадчына не выдавалася, называе і тое, што пра архіў крытыка, які знаходзіўся да нашых дзён у яго сям’і, мала хто ведаў. Ды і сямейнікі толькі адзінкавым даследчыкам дазвалялі зазірнуць у яго.

Нялёгка было ўратаваць той архіў.

Калі ў высылцы Адама Бабарэку прыйшлі арыштоўваць другі раз, яго жонка Ганна паклала спаць дачку Алесю на канапу, у якой захоўвалася частка рукапісаў мужа. Энкавэдзісты тады канфіскавалі лісты, рукапісы Бабарэкі, архіў «Узвышша». Але не сталі будзіць дзяўчынку. І частку ўдалося захаваць.

У Беларусь архіў быў перавезены ў канцы 1990-х - пачатку 2000-х. І цяпер ён захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

«У такім выглядзе, у якім дакументы заховаўліся, выдаць іх адразу было немагчыма, — заўважае Віктар Жыбуль. — Гэта стосы рукапісаў, часткова перамяшаныя. Мне давялося разблытваць гэты «літаратуразнаўчы пазл». Да таго Адам Бабарэка, асаблі калі спяшаўся, любіў скарачаць словы, дзесьці не дапісваць».

Што ж друкуецца?

У першы том увайшлі літаратурна-крытычныя працы.

Большасць з іх публікуецца ўпершыню. Гэта дзясяткі крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў, працы, прысвечаныя творчасці Язэпа Пушчы, у тым ліку манаграфія «Супроць ветру».

Другі том склалі проза, паэзія, філасофія, публіцыстыка, запісныя кніжкі, дзённікі, лісты.

«Вершы вялікай эстэтычнай вартасці не маюць: яны нясуць адбітак рэвалюцыйнага рамантызму. Поўныя захапленнем новым ладам, асуджэння панскай Польшчы. Але цікавыя ў кантэксце мастаціх пошукаў Бабарэкі», — заўважае Віктар Жыбуль. Бабарэка вітаў савецкую ўладу. Але з цягам часу расчараваўся ў кампартыі. Падобна, што ў канцы 1920-х ён апеляваў да партыі ўжо змушана, адзначае сп. Жыбуль.

Калі амаль уся проза і паэзія былі надрукавана яшчэ пры жыцці аўтара, то зусім невядомыя філасофскія разважанні Бабарэкі. Рэдактар двухтомніка лічыць вартым таго, каб Бабарэку ўключылі ў курс сучаснай беларускай філасофіі ў ВНУ. Па яго словах, літаратар у сваіх філасофскіх запісах звяртаўся не толькі да месца чалавека ў сусвеце, але, што важней, да месца беларуса і Беларусі.

Не меншую каштоўнасць уяўляюць апублікаваныя дакументы і матэрыялы да біяграфіі літаратара.

Упершыню друкуюцца «Показанія Адама Бабареко от 23 августа 1930 г.» — па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі.

Арыгінал і сёння захоўваецца ў архіве КДБ. Па словах сп. Жыбуля, у гэтым дакуменце найбольш поўная біяграфія Бабарэкі, запісана інфармацыя, якой у іншых крыніцах няма.

Але не ўсё са спадчыны літаратара ўвайшло ў двухтомнік. У газеце «Малады араты» Бабарэка друкаваў серыю мовазнаўчых урокаў. Віктар Жыбуль адзначае, што на іх натрапілі, калі праца над выданнем ішла да завяршэння. Тым больш, што гэта «папулярны пераказ граматыкі Язэпа Лёсіка». Таксама не паспелі ўключыць картатэку публікацый беларускіх аўтараў, складзеную Бабарэкам паводле перыёдыкі 1923-29 гадоў.

Свядома ўкладальнікі не сталі ўключаць пераклады. Яны засталіся ў чарнавіках, «на іх Бабарэка практыкаваўся ў нямецкай мове. У працэсе перакладу рамана Рэмарка «На Захадзе нічога новага» ён расчараваўся ў аўтару і так не скончыў працу». Звяртаўся і да спадчыны Гётэ, але хутчэй як «да крыніцы жыццёвай мудрасці, афарызмаў». Пераклады не друкаваліся нідзе. Сп. Жыбуль кажа пра памылкі, дапушчаныя пры складанні даведніка «Беларускія пісьменнікі». У бібліяграфіі Бабарэкі ўключаны шэраг перакладаў, якіх ён не рабіў: раман Ёганэса Бэхера «Льюізін, альбо Адзіная справядлівая вайна», некалькі твораў Марыі Кальтофен, апавяданне Франца Вайскопфа.

Па словах рэдактара выдання, часта літаратуразнаўцы пісалі, што творчая дзейнасць Бабарэкі была абмежаваная 1920-і гадамі. Маўляў, пасля арышту і высылкі ён не пісаў. Выдадзены двухтомнік разбурае гэты міф. Бабарэка ніколі не прыпыняў творчай дзейнасці. Пісаў, адзінае што ў стол.

Замовіць кнігу можна тут.

Адам Бабарэка. Збор твораў у двух тамах: Том 1. Літаратурна-крытычныя працы — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. — 939 с., іл. Том 2. Проза, паэзія, філязофія, публіцыстыка, запісныя кніжкі, дзёньнікі, лісты. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. —- 726 с., іл.

nn.by