Выйшаў электронны зборнік невядомай прозы Васіля Быкава

У электронным выдавецтве “Пяршак” часопіса 34mag.net выйшаў зборнік Васіля Быкава “Пасляжыццё”. Дапамаглі з выданнем кнігі ўдава аўтара Ірына Міхайлаўна Быкава, Саюз беларускіх пісьменнікаў і часопіс «Дзеяслоў», якім 34mag выказаў падзяку. У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, якія ніколі не друкаваліся пры жыцці аўтара. Спампаваць зборнік можна цалкам бясплатна. 

 

Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў, напісаныя ў розныя часы. Аповесць “Атака” і апавяданне “Жалезны камандзір” не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць “Афганец” і апавяданне “Бутэльчына” створаны ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць. Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць “Бліндаж”, распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі. 

“Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў”, – падкрэсліваюць прадстаўнікі мультылэйбла “Пяршак”. 

У афармленні кнігі “Пасляжыццё” выкарыстаная коміксавая стылістыка. Па словах стваральнікаў лэйбла, гэта зроблена, каб падкрэсліць сучаснасць і актуальнасць прозы Васіля Быкава. Выдаўцы тлумачаць, што дызайн выдання – гэта іх рэфлексія на тэкст.  “Кожная ілюстрацыя – своеасаблівы ключ да таго ці іншага твора і зборніка ў цэлым”. Аўтар ілюстрацый – маладая мастачка Ганна Крук. 

Гэта ўжо трэцяя кніга, выдадзеная мультылэйблам “Пяршак”. Да гэтага былі прэзентаваныя раман Віктара Марціновіча "Сцюдзёны вырай” і зборнік апавяданняў “Радзіма” Уладзіміра Казлова. 

 

Спампаваць зборнік Васіля Быкава "Пасляжыццё" можна тут.

Паводле piarshak.34mag.net