Выйшаў новы нумар альманаху «Беларус»

На 400 старонках гэтага выдання змешчаныя творы 25 аўтараў, якія зараз жывуць у 10 краінах свету. Нагадваем, што змясціць свае творы ў альманаху маглі тыя аўтары, якія жывуць па-за межамі Беларусі. Ёсць сярод іх вядомыя пісьменнікі й паэты, але ёсць і пачаткоўцы, чые імёны пакуль мала вядомыя шырокаму колу чытачоў.

На сайце "ЛітРаж" выхад новага нумару каментуе сталы аўтар альманаху Макс Шчур: “Калі я ў 2007 г. атрымаў зь Нью-Ёрку першы па ліку выпуск альманаху з сваімі тэкстамі, я ці не ўпершыню адчуў сябе сапраўдным “пісьменьнікам”, гэткім міні-“букоўскім” узору 60-х гг., які друкаваўся выключна ў малых і амаль безыменных часопісах, – затое рэгулярна, як і бухаў. Прыемна мець пэўнасьць, што ў цябе ёсьць выдавец, які прынамсі раз на год дае табе шанец надрукавацца. Дзякую за яе “Беларусу” і Марату Клакоцкаму асабіста”.

Рэкамэндуем вашай увазе новыя тэксты Віталя Зайкі, Зянона, маладой паэткі Марыны Кражовай, маладога паэта Дантэ Аліг’еры ў перакладзе Алега Мінкіна, Сяржука Сокалава-Воюша, Макса Шчура (аповесць “Чалавек з футаралам”), а таксама двух аўтараў, якія раней у альманаху не друкаваліся: Алега Паўліва (Украіна) і Анхелі Эспіносы Руіс (Гішпанія).

Альманах «Беларус» — літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа «Беларус». Змяшчаць свае творы ў альманаху могуць толькі тыя аўтары, якія пастаянна пражываюць па-за межамі Беларусі. Галоўным рэдактарам і ўкладальнікам з’яўляецца Марат Клакоцкі, рэдактар газеты «Беларус» у 2003—2010 гадах.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"