Выйшаў новы нумар бюлетэня "Выток"

Пабачыў свет новы нумар бюлетэня "Выток", які выдаецца лунінецкім творчым клубам "Муза" і Брэсцкай абласной філіяй ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Адкрываецца "Выток" вершам Васіля Жуковіча "Ніне Мацяш — у іншасвет". У рубрыцы "Падзея" распавядаецца пра адно з пасяджэнняў Рады Брэсцкага аддзялення СБП, а таксама пра творчую сустрэчу ў снежні 2012-га з удзелам Леаніда Філатава, Васіля Дэбіша, Паўла Ляхновіча і Лявона Валасюка, на якой адбылося ўручэнне пісьменніцкіх пасведчанняў новапрынятым сябрам СБП — Аляксандру Рызо, Святлане Варонік, Марыі Якімук, Сяргею Амельчуку. Адна з вечарынаў увосень 2012-га была праведзеная памяці доктара філалагічных навук, прафесара, паэта Міколы Іванавіча Мішчанчука, які пайшоў з жыцця ў кастрычніку мінулага года.

Значнае месца ў бюлетэні адводзіцца літаратурнай крытыцы, эсэ. У студзеньскім нумары змешчана рэцэнзія Міхася Маліноўскага на кнігу Васіля Жуковіча "Золата лістапада". У форме эсэістычных уражанняў Аляксей Філатаў згадвае першы вершаваны зборнік Анатоля Дэбіша "Стодзівы", найбольш ярка характарызуе творчыя набыткі паэта і віншуе яго з 50-годдзем. Другі артыкул гэтага аўтара — памяці Івана Лагвіновіча.

Пра Трэція паэтычныя чытанні памяці Ніны Мацяш, што праходзілі на радзіме паэткі, у Белаазёрску, расказваецца ў матэрыяле "Хай любоў вам памагае жыць" Я. Аўгініна.

Напрыканцы ў бюлетэні можна азнаёміцца з аглядам найбольш цікавых літаратурных публікацый у незалежнай прэсе.

 

  

Прэсавая служба СБП