Выйшаў новы пераклад Бібліі на беларускую мову

Яго выканаў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які ў 1968 годзе атрымаў блаславенне на працу ад пантыфіка Паўла VI.

17 гадоў таму ксёндз Чарняўскі перадаў першыя рукапісы пратэстанцкаму пастару Антонію Бокуну. Выданне рабілася сіламі Беларускага біблійнага таварыства, якому незадоўга да сваёй смерці, пры канцы 2001 году, Уладзіслаў Чарняўскі перадаў правы на выданне сваіх рукапісаў. У 2003 годзе выйшаў Новы Запавет, і вось у 2012-м выйшла поўная Біблія. Расказвае Антоній Бокун:

“Адметнасць новага выдання, па-першае, у тым, што яно дэманструе прыклад заходняй традыцыі ў беларускім перакладзе Святога Пісьма. Ён базаваўся на лацінскай Бібліі. Па-другое, туды ўключаныя некананічныя кнігі, якіх у папярэдніх перакладах не было. Але ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі іх таксама пераклаў. Ёсць там каляровыя карты біблейскіх мясцінаў, паралельныя месцы, спасылкі — можна сказаць, што гэта выданне з пэўным даведачным апаратам”.

Набыць новую беларускую Біблію можна ў Беларускім біблійным таварыстве (Мінск, вуліца Чыгладзэ, 19), а хутка яна з’явіцца і ў кнігарнях.

Першая поўная Біблія на сучаснай беларускай мове была выдадзеная ў Нью-Ёрку Янкам Станкевічам і Майсеем Гітліным у 1973 годзе. У 2002 годзе выйшаў пераклад Васіля Сёмухі — усе кнігі Старога і Новага Запавету.

 

prajdzisvet.org паводле svaboda.org