Выйшаў новы зборнік паэзіі Міколы Кандратава

*** 

Белыя змеі

паўзуць па скаванай марозам зямлі,

служкі зімнай завеі.

Белыя змеi

шыпеннем сягаюць да голых галін,

снежных дахаў i веснiц.

Белыя змеі

замерзлае ссуць малако

з вымя рэк і азёраў.

Белыя змеі

імкнуць паасобку, то цэлым клубком

у халодныя норы.

Белыя змеі

над кожнаю згубленай летам душой

непадзельна ўладараць.

Белыя змеі

шукаюць за позняй начною мяжой

цёплай ахвяры. 

З анатацыі да кнігі

Кніга “Кроплі дажджу” ёсць у пэўнай ступені працягам сумна-лірычнага пераасэнсавання свету аўтарам, пачатага ў папярэдняй кнізе “Вершы і зоркі”. Але ён верыць у тое, што кожная кропля можа бліснуць сонечным промнем.

Пра аўтара

Мікола Кандратаў нарадзіўся ў вёсцы Замосце на Талачыншчыне ў 1957 годзе. У 1978-м атрымаў вышэйшую адукацыю ў Мінскім педінстытуце імя М. Горкага. Па спецыяльнасці – матэматык. Пасля службы ў войску з 1981 года жыве і працуе праграмістам у Менску. У 2005-м скончыў Беларускі Калегіюм, аддзяленне філасофіі і літаратуры. Аўтар дзвюх паэтычных кніг “Возера Рудакова” (2002) і “Вершы і зоркі” (2008). Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Прэсавая служба СБП