Выйшаў нумар “ARCHE”, прысвечаны Балканам

Чарговы, 4-ы сёлетні нумар “ARCHE”, які толькі што выйшаў з друку і мае
назву “Уяўляючы Балканы”, на 90% складаецца з перакладаў.
Прычынай таму — тое, што, па-першае, укладальнік нумару
Сяргей Сматрычэнка ладныя 250 старонак (з 634!) аддаў пад мастацкія
творы аўтараў балканскага рэгіёна, а па-другое, тэарэтычныя
даследаванні, эсэ, дарожныя нататкі, публіцыстычныя артыкулы і іншыя не-
або калялітаратурныя тэксты пра Балканы і балканцаў пісалі, як правіла,
таксама небеларусы (выключэнне складаюць толькі Ян Максімюк, Антон
Юркавец, Надзея Шакун, Стэфанія Кавалеўская і Наталля Прыступа).
Як напісана ў прадмове, “балканскі” нумар “ARCHE” — гэта “мяшанка
(месцамі — амаль выбуховая сумесь) тэкстаў самых розных жанраў, ступені
акадэмічнасці і тэматыкі”. Сярод ягоных аўтараў — два нобелеўскія
лаўрэаты (югаслаў Іва Андрыч і ўраджэнка Румыніі Герта Мюлер), прызнаныя
класікі ХХ стагоддзя Даніла Кіш, Рэбэка Ўэст, Мома Капар, Паўль Цэлян,
шырока вядомыя ў сябе на радзіме і ў замежжы сучасныя навукоўцы і
літаратары Марыя Тодарава, Роберт Д. Каплан, Анджэй Стасюк, Алеш
Дэбэляк, Дубраўка Угрэшыч, Фатас Любоня, Бора Чосіч, Станіслаў Страціеў,
Мірча Кэртэрэску, Нэнад Вэлічкавіч і іншыя. Галоўная белетрыстычная
публікацыя нумару (пра што сведчыць яе вылучэнне ў асобную рубрыку
“Кніга”) — знакаміты зборнік апавяданняў “Сараеўскае Мальбара” вядомага
беларусам баснійска-харвацкага аўтара Міленкі Ергавіча.
Укладальнік, верны сваім прынцыпам і прыхільнасцям, уключыў у выданне
комікс (фрагмент з кнігі Джо Сакка “Бяспечная зона Гораждэ”), гутарку
(польскага рэпарцёра і пісьменніка Войцеха Тохмана з палітыкам і
спецдакладчыкам ААН па Босніі і Герцагавіне Тадэвушам Мазавецкім), а
таксама бонус, гэтакую разыначку, якой у гэтым нумары сталася падборка
рассыпаных па розных старонках псеўданавуковых фэйкаў пра Балканы.
Нарэшце, асобнай увагі заслугоўваюць перакладчыкі нумару — з сербскай,
харвацкай, баснійскай і чарнагорскай; з балгарскай, румынскай,
славенскай, македонскай; а таксама з нямецкай, ангельскай, польскай
моваў. Сярод перакладчыкаў — прызнаныя майстры, таленавітая моладзь і
цэлы шэраг дэбютантаў, якія вельмі прыстойна далі сабе рады з не самымі
простымі тэкстамі. Прыемна канстатаваць, што сярод перакладчыкаў
“балканскага” “ARCHE” нямала тых, якія маюць непасрэднае дачыненне да
“ПрайдзіСвету”: Сяргей Шупа, Ганна Янкута, Юля Цімафеева, Кацярына
Маціеўская, Сяргей Сматрычэнка, Вольга Гронская, Марыя Пушкіна, Алена
Пятровіч, Анка Упала.
Прэзентацыя “балканскага” нумару “ARCHE” (разам з "палескім") пройдзе ў кнігарні “логвінаЎ” 24 траўня. Пачатак а 19-й.