Выйшаў 51-нумар “Дзеяслова”

Літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” распачынае шосты дзесятак нумароў. 51-ы нумар выдання традыцыйна прадстаўлены творамі самых розных беларускіх і замежных пісьменнікаў.

Паэтычную частку часопіса складаюць падборкі лірыкі Уладзімера Арлова, а таксама новых вершаў Васіля Зуёнка, Валярыны Куставай, Ларысы Раманавай і Міколы Касцюкевіча.

У сваёй празаічнай рубрыцы “Дзеяслоў” друкуе новае апавяданне леташняга лаўрэата “Залатога Апострафу” Вінцэся Мудрова “Нячысцік”, пачатак раману Віктара Карамазава “Мастак і парабак” і заканчэнне 1-й кнігі аўтабіяграфічнага раману Славаміра Адамовіча “Цана Еўропы, альбо Гісторыя Вільмана”, а таксама урывак з казкі для дарослых Уладзіслава Бубена “Некрапацук”.

Замежная літаратура ў новым нумары выдання прадстаўленая вялікай падборкай твораў знакамітага польскага пісьменніка Чэслава Мілаша, 100-годдзе якога святкуецца сёлета ва ўсім свеце. У перакладзе Андрэя Хадановіча друкуеуцца яго вершаваная спадчына. Яўген Буры ажыццявіў пераклад Нобелеўскай лекцыі пісьменніка, а Марыя Мартысевіч – яго эсэ “Руіны і паэзія”.

Адразу чацвёра літаратурных дэбютантаў пачынаюць свой творчы шлях у “Дзеяслове”. Гэта паэты Уладзімір Плавінскі, Яўгенія Носарава і Аляксей Абрамчук, а таксама празаік Уладзімір Садоўскі.

Акрамя таго, у нумары друкуюцца вершы Міколы Купрэева, сабраныя Леанідам Галубовічам, у рубрыцы “Архівы” Сяргей Шапран піша пра лёс кінасцэнароў Васіля Быкава, у рубрыку “Памяць” з нагоды юбілею Барыса Сачанкі пра яго апавядае Анатоль Бутэвіч і дачка пісьменніка Галіна, а пра свой досвед жыцця ў Германіі ў эсэ “Блышыны рынак” расказвае Алесь Тарановіч.

У крытычнай частцы часопіса творчы партрэт Вячаслава Адамчыка малюе Яўген Лецка, пра апошнюю кнігу Міхася Скоблы піша Леанід Галубовіч, Алеся Лапіцкая дзеліцца ўражаннямі ад новага зборніка прозы Міхася Андрасюка.

Рубрыка “Практыкум”прадстаўленая афарызмамі Алега Аблажэя і фельетонамі Алеся Няўвеся, а ў традыцыйным “Дзеяпісе” – агляд новых беларускіх выданняў.

Прэс-служба СБП.